Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЁНДАНСКАЯ TIMES: ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ – ЖАХЛІВАЯ ДРАМА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Лёнданская Times называе выбарчую кампанію, што разгарнулася ў Беларусі “жахлівай драмай”, у якой (цытую) “беларускі дыктатар выконвае галоўную ролю”. Газэта ўзгадвае пагрозы Лукашэнкі на адрас апазыцыі і Захаду, ягоныя абяцаньні набраць на выбарах 90 адсоткаў галасоў. Times адзначае таксама ягоную няўпэўненасьць у сваіх словах і адначасна ўзрастаючы аптымізм апазыцыі, якая пачынае верыць, “што Лукашэнку наканавана стаць наступным зрынутым дыктатарам Эўропы”.

Амэрыканская газэта Christian Science Monitor адзначае, што Лукашэнка кіруе краінай паводле правілаў прэзыдэнцкай дыктатуры, якая мае падпарадкаваныя ягонай прыхамаці ўрад і суды, якая пазбаўляе грамадзянаў асноўных правоў і свабодаў, дзе дэкрэты маюць сілу законаў. Лукашэнкавы абяцаньні выканаць пажаданьні ўсясьветнай супольнасьці зрабіць прэзыдэнцкія выбары свабоднымі і справядлівымі выглядаюць з гледзішча аглядальніка Christian Science Monitor пустой рыторыкай.

Washington Post піша, што пасьля падзеньня рэжыму Слабадана Мілошавіча, Лукашэнка стаў самотным эўрапейскім дыктатарам. Напярэдадні выбараў стала вядома, што высокія чыноўнікі з атачэньня Лукашэнкі падтрымалі эскадроны сьмерці, а моладзевы рух пратэсту і апазыцыя, якая нечакана аб’ядналася, зьяўляюцца найвялікшай пагрозаю ягонаму сямігадоваму кіраваньню.

Лёнданская Guardian прысьвячае публікацыю пытаньню аб’яднаньня апазыцыі напярэдадні выбараў. На думку газэты, Лукашэнка, хоць і мае ўсе рычагі ўлады ў сваіх руках, каб сфальшаваць выбары, тым ня менш ён, калі апазыцыя аб’ядналася, аказаўся перад самым жорсткім выклікам за ўсе часы ягонага праўленьня. Зьвяртаецца ўвага, што Лукашэнка, як у свой час Мілошавіч, разьдзьмухае небясьпеку гвалту. Гэтая рыторыка разьлічаная на традыцыйна паслухмяны электарат. Але, – піша газэта, – перахоплены Менскам у Бялграду сцэнар адабраньня перамогі ў апазыцыі даказвае толькі адно: у такім выпадку рэжым выклікае палітычны крызыс на вуліцах.

XS
SM
MD
LG