Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЕКАРЫ КАЖУЦЬ, ШТО ПАГРОЗЫ ЖЫЦЬЦЮ МАЛАШКІ НЯМА


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня Вiталя Малашку, якi каардынуе працу тэхналягчнай групы штабу Ўладзiмера Ганчарыка па Берасьцейскай вобласьцi, павiнны былi перавесьцi з рэанiмацыйнага аддзяленьня бярозаўскага шпiталю ў хiрургiчнае. Адзiнай перашкодай для гэтага было тое, што ў аддзяленьнi хiрургii не хапае ложкаў i таму пытаньне аб такiм пераводзе не было вырашанае.

Па словах лекара-рэанiматара Мiкалая Аскiркi, стан здароўя Вiталя Малашкi здавальняючы. Ён знаходзiцца ў прытомнасьцi, не паралiзаваны, i неабходнасьцi ў правядзеньнi апэрацыi ўжо няма: на твар спадара Малашкi наклалi 32 швы. Бярозаўскiя мэдыкi сьцьвярджаюць, што пры атрыманых пашкоджаньняў – акрамя чэрапна-мазгавой траўмы Вiталь Малашка страцiў шмат крывi – iхняму пацыенту пашанцавала i цяпер пагрозы жыцьцю актывiста перадвыбарчай кампанii не iснуе.

Нагадаю, што 19 жнiўня Вiталь Малашка i ягоная жонка Iнэса трапiлi ў аўтамабiльную катастрофу, калi вярталiся зь Берасьця ў Менск пасьля рабочых сустрэчаў зь мясцовым актывам штабу адзiнага кандыдата ад шырокай грамадзянскай каалiцыi. Каля Бярозы аўтамабiль раптам занесла i ён двойчы перакуліўся. Iнэса Малашка атрымала пашкоджаньнi грудной клеткi i аднаго з рэбраў, але ад шпiталiзацыi адмовiлася .

У Берасьцейцскiм перадвыбарчым штабе Ўладзiмера Ганчарыка гавораць, што падчас апошняй сустрэчы з Вiталем Малашкам, лiтаральна за некалькi гадзiнаў да здарэньня, нiчога падазронага яны не заўважылi. Супрацоўнiкi дзяржаўтаiнспэкцыi, якiя праводзiлi агляд месца аварыi, апытвалi пацярпелых i сьведкаў, выказваюць вэрсiю, што ў машыны нечакана лопнула задняе кола.

Мiж тым Iнэса Малашка сьцьвярджае, што яшчэ па дарозе ў Берасьце ёйны муж казаў пра тое, што за аўтамабiлем нехта сочыць. Дзiўным падаецца i той факт, што пасьля здарэньня адразу знайшлася машына, кiроўца якой – бацька аднаго з мэдыкаў, зьбiраўся ехаць зь Бярозы ў Менск i адразу пагадзiўcя падвезьцi спадарыню Малашку.

Пакуль паплечнiкi i сваякi Вiталя Малашкi ня робяць высноваў аб магчымых палiтычных вэрсiях гэтай аварыi i жадаюць актывiсту выбарчай кампанii хуткага выздараўленьня. Сам спадар Вiталь Малашка ўжо зьвяртаецца да мэдыкаў шпiталю з просьбай адпусьцiць яго дахаты.


XS
SM
MD
LG