Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АПАЗЫЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ АБ’ЯДНОЎВАЕЦЦА ДЗЕЛЯ ВЫБАРАЎ”


Мікола Іваноў, Прага

Беларуская апазыцыя, якая знаходзіцца пад перасьледам, у мінулы ўік-энд сабралася на канфэрэнцыю, каб аб’яднацца вакол адзінага кандыдата, здольнага праз тры тыдні на прэзыдэнцкіх выбарах кінуць рэальны выклік прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку.

Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім была прадстаўленая вялікая колькасьць самых разнастайных і раней слабых апазыцыйных групаў, аб’яднаўся вакол Уладзімера Ганчарыка, былога савецкага прафсаюзнага лідэра, які заявіў, што для Беларусі надыйшоў час “выбраць новы шлях”.

У сытуацыі, калі Лукашэнка кантралюе ўсе ўладныя структуры, незалежную прэсу перасьледуюць і зачыняюць, а доступ да незалежных інстытутаў апытаньня грамадзкай думкі абмежаваны, цяжка прадказаць, як будзе адбывацца кампанія пазбаўленьня ўлады чалавека, якога называюць “апошнім дыктатарам Эўропы”. Аналітыкі лічаць, што выбары будуць фальсыфікаваныя, але яны адначасна выказваюць думку, што перад Лукашэнкам самая вялікая небясьпека ад таго часу, як ён прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе.

Размовы цяпер у Менску і Маскве ідуць пра магчымасьць бялградзкага сцэнару, калі рэжым паспрабуе скрасьці перамогу апазыцыі, але гэта толькі прывядзе да вялікага палітычнага крызысу на вуліцах.

Лукашэнка, які зьяўляецца аўтакратам савецкага тыпу, таксама імкнецца выкарыстаць сэрбскі досьвед. Ён імкнецца нагнятаць пачуцьцё страха і нестабільнасьці сярод традыцыйна паслухмяных выбаршчыкаў, ён сьцьвярджае, што Захад распрацоўвае пляны штурму ягонай рэзыдэнцыі тысячамі дэманстрантаў.

Лукашэнка выступае жорстка, ён заяўляе, што яго бароніць спэцыяльная вайсковая група “Алмаз”. Гэта тыя самыя аддзелы, на базе якіх, праўдападобна, былі створаныя рэжымам “эскадроны сьмерці”, адказныя за забойства і выкраданьне вядомых апазыцыйных палітыкаў на працягу мінулых 2 гадоў.

Два былыя беларускія сьледчыя, якія атрымалі прытулак у ЗША, сьцьвярджаюць, што яны маюць доказы стварэньня рэжымам "эскадронаў сьмерці”. На думку Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, гэтыя доказы “дэталёвыя і вартыя даверу”.

Спадар Ганчарык заявіў, адзначаецца ў газэце Guardian, што ў яго ёсьць міліцэйскія дакумэнты, якія сьведчаць, як рэжым арганізаваў забойства трох дзеячоў апазыцыі.

Лукашэнка сьцьвярджае, што абвінавачаньні ў забойствах – гэта прымітыўныя заходнія спробы яго дэскрыдытацыі. Ён сьцьвярджае, што атрымае 90% галасоў.

У пятніцу міліцыя канфіскавала 400 тыс. асобнікаў спэцыяльнага выпуску апазыцыйнай газэты “Наша свабода” на падставе таго, што яе выдавец падазраецца ў растраце. Тая самая тактыка выкарыстоўваецца і супраць Ганчарыка. Распачатае сьледзтва ў справе фінансаваньня яго прафсаюзнай арганізацыі.

Лукашэнка таксама адмаўляе у візах наглядальнікам за выбарамі ад АБСЭ. І хаця на мінулым тыдні візы былі атрыманыя, застаецца мала часу для сяброў групы правесьці верагодную кампанію назіраньня.

XS
SM
MD
LG