Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫКІ ЎХВАЛІЛІ РАШЭНЬНЕ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ПАДТРЫМАЦЬ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усе дэмакратычныя палітыкі да якіх я зьвяртаўся ў кулюарах Кангрэсу, казалі, што галоўнай задачай гэтага форуму ёсьць выказваньне падтрымкі дэмакратычных сілаў адзінаму кандыдату на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Гаворыць старшыня аргкамітэту Кангрэсу прафэсар Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Жнівень – ня лепшы час для правядзеньня масавых акцыяў, але ў нас няма іншага выйсьця, таму што гэта істотны элемэнт мабілізацыйнай кампаніі. Мы не зьбіраемся сёньня падвяргаць нейкай рэвізіі дасягнутае раней пагадненьне паміж двума кандыдатамі, але якраз мабілізаваць дэмакратычны актыў, а разам зь ім – дзясяткі тысяч прыхільнікаў БНФ і іншых дэмакратычных арганізацыяў. Неабходна праз асабісты кантакт, праз абмеркаваньне сытуацыі, якая склалася, яе палітычных асаблівасьцяў…Гэта гарманізуе ўсе спрэчкі, якія ішлі ў нас у грамадзве і ў дэмакратычным асяродку”.

Сказаў спадар Хадыка.

А вось меркаваньне лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) “Прэцэдэнт існуе, ён створаны – ёсьць саюз дэмакратаў і намэнклятуры. І гэта, відаць, смая вялікая нашая заваёва апошняга часу. Разам з тым, ня ўсе нашыя прыхільнікі разумеюць, чаму патрэбна, каб дэмакраты ішлі на пагадненьне, на саюз з намэнклятурай. Я думаю, што вось сёньняшняй размовай мы павінны даць матывацыю, чаму гэта патрэбна. А па-другое, мы паставім сёньня перад нашымі актывістамі вельмі канкрэтныя і выразныя задачы – што павінна рабіць дэмакратычная супольнасьць у фармаце агульнай прэзыдэнцкай кампаніі”.

Мяркуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Гэтую думку падзяляе й лідэр Сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Я перакананы, што Кангрэс павінен уліць больш энтузіязму ў тыя сілы, які яна ім сабраліся. А па-другое, я думаю, што павінныя быць пэўныя тлумачэньні – як адбылася гэтая шырокая кааліцыя. Людзі хочуць тлумачэньня і не праз мэдыі, а з вуснаў тых асобаў, якія гэта зрабілі. Гэта ўнікальная сытуацыя. Тут аб’ядналіся сілы, якія імкнуцца да розных мэтаў. Гэтае аб’яднаньне лягічнае, і тое. што беларуская апазыцыя стала такой восокасьвядомай, што пайшла на гэтае аб’яднаньне і пайшла апераджэньнем, і што гэтаму няма аналягаў у сьвеце – гэта вельмі добра”.

Сказаў Станіслаў Шушкевіч.

А, на думку лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, правядзеньне Кангрэсу дэмсілаў у справе прыняцьця важных палітычных рашэньняў ужо стала гістарычнай беларускай традыцыяй. Гаворыць спадар Вячорка:

(Вячорка: ) “Кангрэс дэмакратычных сілаў – гэта іх, дэмакратычных сілаў, галоўны, легітымізаваны гісторыяй і папярэднімі важнымі рашэньнямі супольны форум. Такая этапная зьява, як вызначэньне адзінага кандыдата і неабходнасьць мабілізацыі дэмакратычных сілаў на кампанію за адзінага кандыдата патрабуе рашэньня менавіта Кангрэсу. Вось жа гэта ёсьць яго асноўная задача”.

Гэта было меркаваньне Вінцука Вячоркі.

Лідэр БНФ лічыць, што Кангрэс пакладзе пачатак рэальнай агітацыйнай кампаніі за адзінага кандыдата.


XS
SM
MD
LG