Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНІ ДРУК ПРА ВЫБАРЧУЮ КАМПАНІЮ Ў БЕЛАРУСІ


Сяргей Шупа, Прага

«Прэтэндэнты выпадаюць з барацьбы». Артыкул пад такім назовам зьявіўся ў сёньняшнім нумары найбуйнейшай нарвэскай газэты Aftenposten. Яго аўтар, маскоўскі карэспандэнт газэты Гальвар Хьён, піша: «Мала хто спадзяецца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 верасьня скончацца нечым іншым, як тым, што аўтарытарны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка застанецца сядзець на сваёй пасадзе. Яшчэ да пачатку выбарчай барацьбы ён ужо здолеў адхіліць ад удзелу ў выбарах бальшыню канкурэнтаў.

Напачатку зарэгістравацца кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах спрабавалі 25 палітыкаў. А на гэтым тыдні Цэнтральная Выбарчая Камісія Беларусі абвясьціла свой канчатковы прысуд, зарэгістраваўшы ў выніку толькі чатырох кандыдатаў. Адзін зь іх, ясная справа, завецца Аляксандар Лукашэнка.

Працэдура рэгістрацыі была доўгая і складаная: кожны кандыдат ня толькі мусіў сабраць 100 тысячаў подпісаў. Яны мусілі таксама даць падрабязную дэклярацыю сваёй маёмасьці, а таксама маёмасьці ўсіх сваіх родных і блізкіх, улучна з дзядамі, дзецьмі ды прыёмнымі бацькамі. У выніку ўсіх гэтых працэдураў з выбарчай барацьбы выпаў дваццаць адзін прэтэндэнт».

Магчымасьці кандыдата ад апазыцыі Ганчарыка быць выбраным ацэньваюцца як даволі малыя, - працягвае газэта, - нягледзячы на тое, што бальшыня беларусаў перажылі пад Лукашэнкам немалыя эканамічныя цяжкасьці. Важна ня гэтулькі як аддаюцца галасы, а як яны будуць падлічвацца. Усё выглядае на тое, што Цэнтральная Выбарчая Камісія проста непазьбежна прыйдзе да высновы, што Лукашэнка перамог у выбарах і прытым са значнай перавагай», - піша сёньня нарвэская Aftenposten.

Працягваюць сачыць за беларускай сытуацыяй і найбліжэйшыя суседзі. Латыская газэта Neatkarīgā Ritā Avīze друкуе сёньня артыкул Яніса Лаўвы «Лукашэнкава маці ня хоча сынавай перамогі»

«Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, распачаўшы ўчора сваю прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, прызнаўся журналістам, што ягоная маці зусім ня хоча, каб сын перамог на выбарах 9 верасьня.

Аўтарытарны прэзыдэнт запэўніў ­ нібыта ягоная маці хоча, каб ён прайграў выбары і нарэшце вярнуўся ў «родную вёску». Аднак сам Лукашэнка лічыць, што ён набярэ каля 90 працэнтаў галасоў, і абяцае захаваць Беларусь як бастыён традыцыяў савецкага сацыялізму. Выбарчую агітацыю Лукашэнка пачынае менавіта ў сельскіх раёнах, дзе ён мае мацнейшую падтрымку».

«Апазыцыя, - працягвае латыская газэта, - дамовілася вылучыць у якасьці свайго кандыдата на выбарах прафсаюзнага лідэра Ўладзімера Ганчарыка ­ прыхільніка дэмакратычных рэформаў. Аднак аналітыкі сумняюцца, ці здолее ён заваліць Лукашэнку. У сераду пасьведчаньні кандыдата ў прэзыдэнты атрымалі чатыры прэтэндэнты: цяперашні кіраўнік Лукашэнка, прафсаюзны лідэр Ганчарык, кіраўнік Лібэральна-Дэмакратычнай Партыі Сяргей Гайдукевіч і былы кіраўнік Гарадзенскай вобласьці, а цяпер лідэр арганізацыі «Рэгіянальная Беларусь» Сямён Домаш. Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе выказала засьцярогу наконт магчымых фальсыфікацыяў выбараў».

«Беларускія ўлады пасьля доўгага маруджаньня ўсё ж згадзіліся пусьціць у краіну назіральнікаў АБСЭ, якія будуць сачыць за выбарамі 9 верасьня, - паведаміў у Менску прадстаўнік Бюро Дэмакратычных Інстытуцыяў і Правоў Чалавека АБСЭ Бранімір Радзеў. Ужо ў найбліжэйшым часе арганізацыя створыць каманду з 28 назіральнікаў, якія прадстаўляюць 15 краінаў. Лукашэнка неаднаразова папракаў АБСЭ ў спробах заваліць ягоны рэжым», - паведамляецца сёньня ў артыкуле латыскай газэты Neatkarīgā Ritā Avīze.


XS
SM
MD
LG