Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВІЦЕБСКУ ЗА ВЫКАЗВАНЬНЕ СВАЙГО СТАЎЛЕНЬНЯ ДА ВЫБАРАЎ ПРЭЗЫДЭНТА ЦЯГАМ СУТАК ЗАТРЫМАЛІ 8 ЧАЛАВЕК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Паводле словаў затрыманых, у Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі няпоўнагадовых хлопцаў дапытвалі бязь іхных бацькоў або іншых асобаў, якія прадстаўлялі б іхныя інтарэсы. Між тым, выкліканыя інспэктары па справах няпоўнагадовых дазвалялі сабе нецэнзурныя выказваньні на адрас затрыманых.

Усіх 6 сяброў "Зубру" абвінацілі ў парушэньні адміністратыўнага заканадаўства, бо яны расклейвалі друкаваную прадукцыю ў неналежных месцах. Прычым асаблівую ўвагу міліцыянты зьвярнулі на тое, што налепкі "Час выбіраць" зьявіліся паблізу дамоў іхнага начальніка Кунавіча ды кіраўніка абласное вэртыкалі Андрэйчанкі.

А сёньня апоўдні міліцыянты затрымалі людзей, якія прапагандуюць цалкам іншае стаўленьне да выбараў. Усяго паўтары гадзіны адстаялі каля Сіняга дому Барыс Хамайда з плякатам "Галасуй не галасуй — усё адно прайграеш!" ды Ўладзімер Плешчанка з плякатам "Галасуйце супраць усіх".

Учора ды заўчора сябры КХП БНФ бесьперашкодна прастаялі з гэтымі самымі плякатамі ўвесь дзень, а сёньня апынуліся ў Чыгуначным аддзяленьні міліцыі. Там у іх сканфіскавалі плякаты, 12 улётак з артыкулам Зянона Пазьняка "Перад выбарам" ды склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай вулічнай акцыі.


XS
SM
MD
LG