Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У РАСЕІ ЛІЧАЦЬ, ШТО НАВАТ ПЕРАМОГШЫ НА ВЫБАРАХ, ЛУКАШЭНКА ЦЭЛЫ ТЭРМІН НЕ ПРАТРЫМАЕЦЦА


Юры Дракахруст, Прага

“Независимая газета” мяркуе, што запрасіўшы, хаця і са спазьненьнем, назіральнікаў ад АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары, беларускія ўлады ня толькі здолелі захаваць прыстойнасьць, але і “ўцерлі нос” Вашынгтону – галоўнаму змагару за дэмакратыю. Выданьне прыгадвае, што зацягваньне з запрашэньнем у Беларусь назіральнікаў выклікала рэзкую рэакцыю ЗША. Прадстаўнік дзярждэпартамэнту Баўчар папярэдзіў, што калі назіральнікаў ня пусьцяць, будуць непазьбежнымі сумненьні ў легітымнасьці выбараў, а паляпшэньне адносінаў ЗША з Беларусьсю стане немагчымым. “Независимая газэта” піша: “Можна, зразумела, меркаваць, што Лукашэнка спалохаўся гэтых пагрозаў, але хутчэй за ўсё ён, як звычайна, драматургічна выбудоўвае перадвыбарчы сцэнар. Аднак яго сцэнары часам падаюцца напісанымі для тэатру абсурду. Ці то сам Лукашэнка мысьліць настолькі нестандартна, ці вакол яго сапраўды адбываецца нешта незразумелае,” – адзначае “Независимая газета”.

Да вобразу беларускай палітыкі як тэатру зьвяртаецца і газэта “Время МН”: “Дзейны прэзыдэнт прадстаўляе тэатр аднаго актору, дзе яму адведзеная роля не ахвяры, але высакароднага пакутніка ад апазыцыі і замежных наглядальнікаў. Прэзыдэнт таленавіта выкарыстоўвае сваю харызму і спрабуе спрасьціць дэмакратыю, зводзячы ўсю палітыку да двух суб’ектаў: прэзыдэнт і нарад. Ён выкарыстоўвае не кампрамісы, а ціск са справядлівым выразам твару: у “бацькі” могуць быць толькі паслухмяныя дзеці, а ня моцная апазыцыя,” – піша “Время МН”.

“Коммерсантъ” друкуе адказы расейскіх палітыкаў і бізнэсоўцаў на пытаньне, зададзенае рэдакцыяй: “Хто б мог перамагчы Лукашэнку?”.
Вось некаторыя з гэтых меркаваньняў. Генадзь Райкоў, кіраўнік думскай фракцыі “Народны дэпутат”: “Я сам з Беларусі, сачу за тым, што там адбываецца, але там такіх кандыдатаў няма. Калі казаць пра нашых расейскіх палітыкаў, то перш чым змагацца з Лукашэнкам, ім трэба памяняць грамадзянства на беларускае і заваяваць такі ж высокі давер, які мае зараз Лукашэнка. Я такіх расейскіх палітыкаў ня ведаю”.
Намесьнік старшыні думскага камітэту ў справах СНД Вячаслаў Ігруноў згодны з Генадзем Райковым толькі ў тым, што зараз Лукашэнка непераможны. На пытаньне, хто б мог перамагчы Лукашэнку, сп-р Ігруноў адказвае: “Хіба Спадар Бог. Ці Расея. Іншай альтэрнатывы Лукашэнку няма. Гэтая сытуацыя захаваецца яшчэ год ці тры. Наўрад ці больш, бо паводзіны Лукашэнкі не адпавядаюць цэвілізаваным стандартам. І калі ён будзе дзейнічаць ў тым жа стылі, то Захад хутка ўвядзе санкцыі супраць Беларусі і страты Расеі, а не Беларусі, ад гэтага будуць велізарныя. І тады ў Маскве і палітыкі, і бізнэс пачнуць шукаць альтэрнатыву Лукашэнку. Магчыма, нехта гэта робіць ужо зараз, але бяда ў тым, што альтэрнатыўная асоба мусіць выйсьці з уладных структураў. А зараз гэта немагчыма,” – мяркуе намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы Вячаслаў Ігруноў. Іншае меркаваньне ў Андрэя Макагона, віцэ-прэзыдэнта банку “Держава”: “Ва ўмовах справядлівай барацьбы вялікія шанцы на перамогу мае адзіны кандыдат апазыцыі Ўладзімер Ганчарык,” – лічыць расейскі банкір. Але, паводле яго меркаваньня, у любым выпадку свайго роду пераможцам можа стаць толькі Пуцін, які не дазволіць Лукашэнку сфальсыфікаваць вынікі галасаваньня. “Ключы ад Менску знаходзяцца ў Крамлі” – лічыць Андрэй Макагон.


XS
SM
MD
LG