Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭКСПЭРТАМ БДІПЧ ЯШЧЭ НАЛЕЖЫЦЬ ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА Ў ЦЭНТАРВЫБАРКАМЕ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле дамовы з Цэнтарвыбаркамам, пасярэднікам у якой выступілі супрацоўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, экспэрты Бюро наведаюць Цэнтральную выбарчую камісію ў панядзелак, 20 жніўня. У выходныя дні ў міжнародных назіральнікаў шмат арганізацыйных пытаньняў — разьмяшчэньне, абсталяваньне офісу, транспарт, разьмеркаваньне абавязкаў ды іншае.

Калі нічога ня зьменіцца, дык офіс назіральнікаў БДІПЧ разьмесьціцца ў тых самых памяшканьнях, якія займала летась тэхнічная місія Бюро — у Міжнародным адукацыйным цэнтры, які ёсьць сумесным нямецка-беларускім прадпрыемствам. Першым часам гэтага можа хапіць, але калі да доўгатэрміновых назіральнікаў далучацца яшчэ прыкладна 150 чалавек, а менавіта так плянуе Бюро, узьнікнуць пэўныя праблемы з разьмяшчэньнем. Назіральнікі маюць намер абсталяваць свае офісы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.

Што тычыцца тэхнічных сродкаў, дык іх пакуль хапае. Тэхніку своечасова прывезьлі з варшаўскага офісу Бюро. Пры неабходнасьці можна будзе набыць дадатковыя факсы, тэлефоны, кампутары ды іншую аргтэхніку.

Мяркуецца, што частка назіральнікаў будзе жыць у гатэлях, частка — на прыватных кватэрах. Сёньня ў размовах з журналістамі міжнародныя назіральнікі заўважылі, што ўсе выдаткі місіі аплочваюцца выключна зь бюджэту АБСЭ. Беларускія ўлады ніякіх грашовых выдаткаў ня будуць мець. Наадварот, беларускі бюджэт, дзякуючы прыезду місіі, толькі папоўніцца.

Паводле словаў міжнародных назіральнікаў, яны будуць працаваць у празрыстым рэжыме. Кожны беларускі грамадзянін, які пажадае атрымаць кансультацыю адносна выбарчага працэсу альбо паведаміць пра парушэньні выбарчага заканадаўства, заўжды будзе мець такую магчымасьць.

Сёньня ж стала вядома, што двум назіральнікам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека беларускія ўлады адмовілі ў візах на ўезд. Гэта Эндру Брус, які хацеў ляцець у Беларусь з Варшавы, і Браян Бонар, які мусіў прыляцець праз Кіеў. Адметна, што гэта менавіта тыя назіральнікі, якія працавалі ў Беларусі летась ў складзе місіі тэхнічнай ацэнкі, што адсочвала выбары ў "палату прадстаўнікоў".


XS
SM
MD
LG