Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНІКІ БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ ДАПАМОГУЦЬ КАНДЫДАТАМ НА ПРЭЗЫДЭНТА ПАДРЫХТАВАЦЦА ДА ВЫСТУПУ Ў ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ


Ягор Маёрчык, Менск

Ніхто з кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на круглы стол так і не зьявіўся. Затое прыйшлі шараговыя журналісты рэдакцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня. Гэтыя людзі ўжо некалькі месяцаў пазбаўленыя магчымасьці працаваць. Некаторыя зь іх замест стварэньня перадачаў вымушаны гандляваць на менскім рэчавым рынку "Дынама".

Акрамя творчых непаразуменьняў, у іх ёсьць да кіраўніцтва каналу прэтэнзіі іншага кшталту. Супрацоўніца рэдакцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня Ганна Арцюшкевіч.

(Арцюшкевіч: ) "На тэлебачаньні цяпер улады элемэнтарна парушаюць Канстытуцыю. Паводле аднаго артыкулу, катэгарычна забараняецца дзяржаве палітычным партыям і арганізацыям манапалізаваць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Ёсьць яшчэ артыкулы, паводле якіх сродкі масавай іннфармацыі абавязаныя даваць грамадзтву аб'ектыўную інфармацыю. Паўтараю: парушаецца канстытуцыя".

З новым кіраўніком Белдзяржтэлерадыё Валер'ем Скварцовым кампаніі супрацоўнікі БТ вялікіх спадзяваньняў не зьвязваюць. Маўляў, ён нічога не вырашае, насамрэч уісм кіруюць два Ягоры — Хрусталёў і Рыбакоў. Тым ня менш журналісты рэдакцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня думаюць прапанаваць Скварцову новыя праграмы, якія павінны скласьці "альтэрнатыўнае аўтарскае тэлебачаньне" ў межах першага нацыянальнага каналу.

Усе ўдзельнікі круглага стала пагадзіліся, што сёньняшнія дзяржаўныя электронныя мэдыі працуюць выключна на карысьць улады. Асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Тэлежурналіст Леанід Міндлін мяркуе, што Ўладзімер Ганчарык і Сямён Домаш маюць значна горшыя ўмовы для выступаў, чым Аляксандар Лукашэнка, якога штодня паказвае беларуская тэлевізія.

(Міндлін): "Чаму было так вырашана, што выступы толькі ў запісе і толькі ў адносінах адзін да аднаго: без мантажу? Трэба ж улічваць, што ўсе гэтыя кандыдаты ня маюць тэлевізійнага досьведу. А сесьці перад камэрай без мантажу — гэта вельмі цяжка для іх. Можна ставіць асьвятленьне па-рознаму, можна паставіць камэру, можна па-рознаму весьці запіс, зрабіць, як кажуць, заднік таго ці іншага колеру. Гэта ж тэлевізійная карцінка, і ўражаньне візуальнае ідзе. Гэта схаваная пастка".

Леанід Міндлін паведаміў, што і былыя, і цяперашнія супрацоўнікі БТ дапамогуць дэмакратычным кандыдатам падрыхтавацца да выступаў.
XS
SM
MD
LG