Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“АПОШНЯМУ ДЫКТАТАРУ ЭЎРОПЫ ПАЧЫНАЕ ПРЫПЯКАЦЬ”


Сяргей Шупа, Прага

З набліжэньнем выбараў Лукашэнку даводзіцца сутыкацца з новымі абвінавачаньнямі ў арганізацыі эскадронаў сьмерці, са сьмелым пратэстным рухам моладзі, зь незвычана ўзьяднанай апазыцыяй і з найбольшай пагрозай ягонаму сямігадоваму панаваньню.

Галасаваньне 9 верасьня ня толькі вызначыць палітычную будучыню 10-мільённага народу, які жыве ў дзяржаве савецкага стылю. Гэта будзе таксама дыпляматычны тэст для Злучаных Штатаў і Расеі. Вашынгтон крытыкуе узурпацыю Лукашэнкам улады і жадае ягонага сыходу, аднак ён ня ўклаў у гэтую справу столькі рэсурсаў, колькі патраціў летась на апанэнтаў Мілошавіча. Як былая імпэрская сталіца, Масква магла б паўплываць на выбары, бо яна кантралюе скіраваныя на Беларусь тэлевізійныя сыгналы. Аднак пакуль што Масква трымае дыстанцыю – і да Лукашэнкі і да апазыцыі.

***

Тым часам сам Лукашэнка з кожным днём становіцца штораз больш ваяўнічым. Ён абвінаваціў Захад у засылцы шпіёнаў, якія зьбіраюцца зваліць яго з пасады. У нядаўняй прамове ён заявіў, што ворагі плянуюць паслаць 10 тысячаў чалавек на штурм ягонай рэзыдэнцыі адразу пасьля выбараў. Некаторыя разглядаюць гэтае выказваньне як апраўданьне надзвычайнага становішча, якое Лукашэнка зьбіраецца ўвесьці, калі прайграе выбары.

«У Беларусі ня будзе Каштуніцы, – заявіў Лукашэнка. – Яны цудоўна ведаюць, што я буду абараняцца, Я ня буду адседжвацца ў бункеры, як Мілошавіч. Я нікога не баюся. Я нічога ня краў у майго народу». «Спэцыяльныя службы будуць бараніць прэзыдэнта і ніколі яго не здадуць,» - дадаў ён.


***

Важным пунктам перадыбарчай кампаніі сталася зьнікненьне апошнімі гадамі палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. Іх партрэты надрукаваныя на ўлётках, што раздаюцца мінакам, а іх гісторыі апісваюцца ў апазыцыйных газэтах. «Ідзе вайна, - кажа Сьвятлана Завадзкая, жонка апошняга зьніклага. - Ніхто не пачувае сябе ў бясьпецы».

Зьнікненьні прыцягнулі да сябе новую хвалю ўвагі, калі за мяжу ўцяклі два следчыя пракуратуры, якія працавалі са справамі аб зьнікненьнях. Яны прыехалі ў Злучаныя Штаты, дзе паведамілі, што беларускі рэжым арганізаваў гэтак званыя эскадроны сьмерці. Людзі ў Беларусі пачынаюць вызваляцца з аковаў страху. Яны разумеюць, што нельга заставацца абыякавымі, калі ў краіне зьнікаюць значныя палітычныя постаці.

Аднак Лукашэнка ўсё яшчэ папулярны сярод беларусаў старэйшага веку, якія цэняць яго за тое, што яны яшчэ атрымваюць пэнсію. Газэта The Washington Post цытуе тыповае выказваньне 70-гадовай жыхаркі Менску: «Нашае пакаленьне адчувае, што ён нам падыходзіць. Ён чэсны. Ён не прадае Беларусь. Ён спрабуе зрабіць так, каб усё належала народу. У нас бясплатная мэдыцына. Бясплатная адукацыя. Кватэрная плата малая. Мы адчуваем, што ён пра нас клапоціцца».

Каб пераважыць гэтую падтрымку, апазыцыя вырашыла аб’яднацца вакол аднаго кампраміснага кандыдата – Уладзімера Ганчарыка. Кансультантамі апазыцыі выступаюць амбасадар ЗША ў Менску Майкл Козак і кіраўнік місіі АБСЭ Ганс-Георг Вік. Яны настойваюць на тым каб на выбарчыя ўчасткі былі дапушчаныя незалежныя назіральнікі.

Але найбуйнейшы ўдзельнік гульні захоўвае маўчаньне. Лукашэнка спрабаваў дамагчыся ад Уладзіміра Пуціна падтрымкі, аднак сустрэў вельмі халодную рэакцыю. І тут будзе надзвычай важна – ці дапусьціць Пуцін беларускую апазыцыю на расейскую тэлевізію, якая пануе на інфармацыйным рынку Беларусі.

Тым часам лідэраў апазыцыі, якія шукаюць парадаў у сваіх сэрбскіх калегаў, абнадзейваюць вынікі апытаньняў – адыходу Лукашэнкі жадаюць нават дзяржаўныя функцыянэры. Яны лічаць, што вынікі выбараў будуць фальшавацца, аднак, як і ў Югаславіі, яны спадзяюцца на дастаткова вялікую розьніцу галасоў, што зробіць фальшаваньне немагчымым.

«Усё сыходзіцца, - кажа прадстаўнік «Хартыі-97» Саньнікаў. – За апошнія тры гады галоўным фактарам тут быў страх – за сваю працу, за сваіх бацькоў... а цяпер мы бачым, што людзі адольваюць гэты страх. І чым далей, тым болей». Што будзе рабіць Лукашэнка, калі прадказаньні Саньнікава спраўдзяцца – гэтае пытаньне застаецца адкрытым. «Ён можа зрабіць тое самае, што зрабіў Гітлер, - выказаў меркаваньне журналіст Раман Якаўлеўскі. – Ва ўсялякім разе ён не аддасьць уладу без крыві».


XS
SM
MD
LG