Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАРЭГІСТРАВАНЫЯ ЧАТЫРЫ КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗЫДЭНТА


Валер Каліноўскі, Менск

Паседжаньне ЦВК у справе рэгістрацыі кандыдатаў было, так бы мовіць, выязным — не ў памяшканьні Дома ўраду, як звычайна, а ў залі для прыёмаў Палаца Рэспублікі, што насупраць адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Так што той на паседжаньне змог прыйсьці ды пайсьці зь яго пешшу — на гэты час перакрывалі рух па праспэкце Скарыны.

Што да астатняга, то стварылі бачнасьць роўнасьці кандыдатаў. Журналістаў і назіральнікаў у будынак таксама прапускалі не па сьпісах з прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, як звычайна, а па пасьведчаньнях, хаця ўсіх правярала ягоная ахова.

Чатыры прэтэндэнты зайшлі ў залю разам, праўда, як пазьней патлумачыў Уладзімер Ганчарык, ніякай асаблівай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам не было. Пасьля справаздачаў старшыняў абласных камісіяў паведамілі лічбы сапраўдных подпісаў, сабраных за кандыдатаў. За Сяргея Гайдукевіча — 133066, за Ўладзіміра Ганчарыка сабралі 121041 подпісаў, за Сямёна Домаша — 160077, за Аляксандра Лукашэнку — 395821 подпіс. Чамусьці менавіта ў Лукашэнкі была найменшая колькасьць несапраўдных подпісаў.

Калі ЦВК агучваў вынікі дасьледаваньня дэклярацыяў кандыдатаў, то выявілася, што сын Сяргея Гайдукевіча Васіль, які разам з маці даўно эміграваў у Нямеччыну, не падаў дэклярацыі, і што дачка Ўладзімера Ганчарыка Алена не ўказала свайго ўнёску ў статутны фонд адной фірмы, але са складу заснавальнікаў той фірмы яна сёлета выйшла. Што да сына спадара Гайдукевіча, то ён даўно ня можа падтрымліваць з бацькам сувязі. Таму ў выніку ЦВК гэта і не палічыў за недахопы.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, уручаючы пасьведчаньні, казала ім стандартнае пажаданьне: каб іхная выбарчая кампанія прайшла ў межах закону. Усім кандыдатам далі магчымасць выступіць зь невялікай прамовай.

Сяргей Гайдукевіч быў вельмі нешматслоўны:
(Гайдукевіч: ) "Я са свайго боку, як і рабіў раней, абяцаю, што буду праводзіць сваю выбарчую кампанію — весьці сумленна, адкрыта, не парушаючы існуючых законаў. І спадзяюся, што мае апанэнты таксама будуць сумленна і адкрыта весьці гэтую выбарчую кампанію".

Прыкладна такое ж пажаданьне выказаў і Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Я хацеў бы спадзявацца, што выбары ў Рэспубліцы Беларусь будуць сапраўды чэсныя і справядлівыя. І прыклад тут пакажа аб'ектыўнае Беларускае тэлебачаньне ў першую чаргу. І галоўнае — у грамадзянаў Рэспублікі Беларусь ёсьць выбар".

Сямён Домаш выказаў да ўлады прэтэнзіі за першы пэрыяд кампаніі:

(Домаш: ) "Я хачу пажадаць усім прысутным, у першую чаргу кіраўнікам ураду, мінстэрстваў і ведамстваў, каб яны памяталі аб тым, што Выбарчы кодэкс і заканадаўства таксама павінны выконваць і яны, як і ЦВК.

Зараз будзе вельмі адказны пэрыяд выбарчай кампаніі — агітацыйны. І мы ўжо на першым этапе бачылі, што ня ўсе прадстаўнікі ўлады выконвалі патрабаваньні выбарчага заканадаўства, якія прынятыя і дзейнічаюць. Я хачу пажадаць, каб гэтага далей не было. Хачу ўсім пажадаць, каб 9 верасьня мы зрабілі правільны выбар".

Аляксандар Лукашэнка чытаў сваю прамову па паперцы, ён заявіў, што выбары павінны прайсьці не паводле замежнага сцэнару ці шпаргалкі.

(Лукашэнка: ) "Мы не павінны дапускаць тых нэгатыўных зьяваў, якія бытуюць у многіх замежных краінах. Гэта якраз той выпадак, калі яны нам ня прыклад. У нас выбары павінны прайсьці не паводле замежных сцэнароў і шпаргалак, а выключна паводле законаў нашай беларускай дзяржавы. Я як дзеючы прэзыдэнт гарантую беларускаму народу, што нашы выбары пройдуць менавіта так. Прэзыдэнта будзе абіраць выключна беларускі народ, і толькі ён мае права выбіраць як кіраўніка дзяржавы, так і свой уласны лёс".

Аляксандар Лукашэнка называў іншых кандыдатаў "калегамі". Аднак пасьля атрыманьня пасьведчаньня ніхто зь іх яго не павіншаваў. Пасьля свайго выступу Аляксандар Лукашэнка сам падышоў і паціснуў канкурэнтам рукі.

Як паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, цяпер кандыдаты маюць права зарэгістраваць 30 давераных асобаў і выступіць па дзяржаўным тэлебачаньні й радыё. Лёсаваньне кандыдатаў на чарговасьць выступаў і зацьверджаньне формы выбарчага бюлетэню ЦВК правядзе заўтра.

Уладзімер Ганчарык і Сямён Домаш пасьля цырымоніі трымаліся падкрэсьлена разам. Ля ўваходу ў Палац рэспублікі іх сустракала група людзей з кветкамі і транспарантамі "Ў адзінстве — сіла!".

(Жанчына, аддае кветкі Ганчарыку: ) "Гэта вам. Каб і нам, пэнсіянэрам, і ўсім добра было. Каб вы зрабілі так, каб мы жылі ў прававой дзяржаве".

(Ганчарык: ) "Дзякуй вам за падтрымку! І ведайце, што мы з гэтай падтрымкай абавязкова пераможам. Абавязкова!"

(Людзі скандуюць: ) "Мы пераможам! Жыве Беларусь!"

Так распачалася агітацыйная кампанія за адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка.


XS
SM
MD
LG