Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ПРАЙШОЎ ПЕРШЫ КРАЁВЫ ФЭСТЫВАЛЬ ГРАФІЦІ “ВЫБІРАЕШ ТЫ!”


Казімер Яноўскі, Гомель

Фэстываль ладзілі каля будаўнічага плота з бэтонных плітаў блізу гатэлю "Турыст". Плот гэты (дарэчы, ня досыць прывабны) прыкрывае кінуты цэх фабрыкі "8-га Сакавіка". Побач — летняя кавярня.

Тут і сабраліся 8 камандаў з Рэчыцы, Мазыра, Менску і, натуральна, Гомеля. Арганізатарам выступіў мясцовы клюб "Гомель стрыт-стайл", гэта значыць "Гомельскі вулічны стыль". Распавядае кіраўнік клюбу, якога на вуліцы называюць проста "Саныч".

(Саныч: ) "Стрыт-стайл — гэта ўся гіт-поп культура: брэйк-данс, рэп, графіці і розныя экстрэмальныя віды спорту. Зараз вось праводзім першы адкрыты фэстываль графіці. Крыху сапсавалася надвор'е — дождж. Мастакі адклалі фарбы. Але вы бачыце малюнкі: сонца, рукі. А вось гэты, "Выбіраеш ты", намалявала гомельская каманда "Нью стайл кру", — кажа Аляксандар.

Пакуль ішоў дождж, пад вялікім парасонам кавярні мастакі наносілі фарбай надпісы на майкі ўсім, хто жадаў іх мець.

Арганізатары раздавалі своеасаблівыя бюлетэні. Гледачы павінны былі вызначыць найлепшы малюнак і апусціць бюлетэні ў скрыню. Чаму менавіта гэтак вызначалі сымпатыі гледачоў, распавядае Юнэля Сальнікава.

(Сальнікава: ) "Мы гэтую працэдуру неаднаразова апрабоўвалі. Называем яе "імітацыя галасаваньня". Быў у нас, напрыклад, 10 жніўня спартовы турнір. Там было 4 каманды. Гледачы галасавалі за лепшага гульца. Учора, 11 жніўня, у нас быў канцэрт у цэнтры "Юнацтва", там было 5 гуртоў, і сярод гледачоў мы таксама правялі галасаваньне. Выйграў гурт ТТ-34, ён атрымаў скрыню піва", — распавяла спадарыня Сальнікава, актывістка моладзевага цэнтру "Гарт".

Дарэчы, цэнтар "Гарт" выступіў фундатарам фэстывалю графіці. Слова кіраўніку "Гарту" Сяргею Адзінцу.

(Адзінец: ) "Мы падтрымалі гэта матэрыяльна, таму што мелі на гэта сродкі і таму што мы зацікаўленыя ў правядзеньні такіх масавых моладзевых мерапрыемстваў. Гэта ня толькі досуг моладзі, але гэта яшчэ мерапрыемства, каб прывесьці моладзь на выбары", — сказаў спадар Адзінец.

Падтрымка "Гартам" фэстывалю графіці адбылася, нягледзячы на тое, што напярэдадні супрацоўнікі ўпраўленьня КГБ зьдзейсьнілі жорсткі налёт на памяшканьне "Гарту", сканфіскавалі ўсю тэхніку і дакумэнтацыю. КГБ падазрае, што менавіта "гартаўцы" расьпісалі ў горадзе сьцены будынкаў антылукашэнкавымі лёзунгамі.


XS
SM
MD
LG