Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКІ БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ГРУБА ЎМЕШВАЮЦЦА Ў ПРАЦУ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Свой зварот ва ўстановы, што кантралююць выкананьне выбарчага заканадаўства, Уладзiмер Малей тлумачыць тым, што апошнiм часам значна павялiчылася колькасьць паведамленьняў з розных рэгiёнаў Берасьцейшчыны пра незаконныя дзеяньнi мясцовых уладаў. Прычым гэтыя паведамленьнi зьявiлiся ня толькi дзякуючы пiльнасьцi i настойлiвасьцi незалежных назiральнiкаў. Дзяржаўныя раёныя газэты адкрыта друкуюць справаздачы аб адмысловых нарадах выканкамаўскiх чыноўнiкаў зь сябрамi ўчастковых камiсiяў.

Так, газэта "Iвацэвiцкi весьнiк" паведамляе пра паседжаньне так званай рабочай групы па падрыхтоўцы i правядзеньню прэзыдэнцкiх выбараў, якую ўзначальвае старшыня райвыканкаму Аляксандар Няхаеў. На паседжаньнi, прысьвечаным арганiзацыйным пытаньням выбарчай кампанii, трымалi справаздачу кiраўнiкi розных службаў раёну i сфармаваных участковых камiсiяў. Уладзiмер Малей гаворыць, што такое стаўленьне мясцовай вэртыкалi сьведчыць, што яна ўспрымае сябраў выбарчых камiсiяў, як сваiх падначаленых.

(Малей: ) "Старшыня райвыканкаму iх нават выклiкае на сваю нараду. Такiм чынам кiруе выбарчай камiсiяй, што забаронена законам"

(Карэспандэнт: ) "Атрымлiваецца так, што выканаўчая ўлада ўжо не хавае таго, што яна наўпрост умешваецца ў працу выбарчых камiсiяў?"

(Малей: ) "Так. На самай справе гэта бачна з артыкулаў у газэтах. Яны не баяцца, бо я думаю, што там яшчэ ёсьць сьвядомыя людзi, юрысты, якiя маглi б не прапусьцiць гэтыя артыкулы".

Паведамiў Уладзiмер Малей.

Яшчэ адзiн выпадак зафiксаваны ў адмiнiстрацыi Маскоўскага раёну Берасьця. Назiральнiкi былi cьведкамi таго, як прадстаўнiкоў выбарчых камiсiяў выклiкалi на адмысловы iнструктаж да Анатоля Кiсялёва, якi працуе ў iдэалягiчным аддзеле гэтай адмiнiстрацыi.

У сваёй заяве на адрас абласной выбарчай камiсii ды пракуратуры Уладзiмер Малей просiць ня толькi спынiць умяшальнiцтва выканкамаўскiх чыноўнiкаў у працу ўчастковых камiсiяў, але i прыцягнуць да адказнасьцi асобаў, што вiнаватыя ў парушэньнi выбарчага заканадаўства.

XS
SM
MD
LG