Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ПРАВЁЎ СУСТРЭЧУ З ПРАФСАЮЗНЫМ АКТЫВАМ НАВАПОЛАЦКУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Фармат сустрэчы быў дастаткова вузкі — на ёй прысутнічалі толькі кіраўнікі прафарганізацыяў ды прадстаўнікі мясцовай “вэртыкалі”, пры гэтым сп. Ганчарык у сваім выступе заўважыў, што ён прыехаў у Наваполацак не як прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду, а як старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Выступаючы перад калегамі, прафсаюзны лідэр спыніўся на асноўных праблемах, якія хвалююць сёньня кіраўніцтва Фэдэрацыі. Ён, прыватнасьці, гаварыў аб незаконных дзеяньнях уладаў у справе пералічэньня прафсаюзных складак. Па сьведчаньні сп. Ганчарыка, сяброўскія складкі, якія зьбіраюцца праз бухгальтэрыі прадпрыемстваў і ўстаноў, у шэрагу выпадкаў да прафсаюзаў не даходзяць. Фэдэрацыя, такім чынам, ужо не далічылася 2,6 млрд рублёў і лічба гэтая працягвае расьці. Як было заўважана, сёньня ў касе галіновага прафсаюзу наваполацкага вытворчага аб’яднаньня “Палімір” дарэшты пуста, і старшыня мясцкома пайшоў у адпачынак, не атрымаўшы заработнай платы.

Гаварылася на сустрэчы і аб праблеме, якую ўлады зьбіраліся вырашыць яшчэ сем гадоў таму: аб запуску вытворчасьці. Прафсаюзныя лідэры практычна мёртвага завода бялкова-вітамінных канцэнтратаў прасілі сп. Ганчарыка зрабіць штосьці дзеля выратаваньня прадпрыемства. Ужо ня першы год урад прымае пастановы аб запуску завода, але ў пляне практычным амаль нічога ня робіцца. Калегі мікрабіёлягаў з наваполацкага завода “Вымяральнік” — колішняга гіганту ваенна-прамысловага комплекса, у сваю чаргу, наракалі на тое, што заводу не дазваляюць прадаць недабудаваныя аб’екты. Утрымліваць іх завод, з прычыны бядотнага эканамічнага стану, ня можа, прадаць не дазваляе дзяржава, у выніку аб’екты паволі разбураюцца, а эканамічная сытуацыя “Вымяральніка” ўсё болей пагаршаецца.

Адказваючы на падобныя звароты і пытаньні, сп. Ганчарык заўважыў, што абазначаныя праблемы не вырашаюцца, перш за ўсё, таму, што ўсім у краіне распараджаецца адзін чалавек, а пры такім раскладзе яны наўрад ці могуць быць вырашаныя.

Падчас сустрэчы сп. Ганчарыку была зроблена заўвага кіраўнічкай тутэйшай ідэалягічнай “вэртыкалі”: маўляў, прафсаюзны лідэр адхіляецца ад заяўленай тэмы і вядзе палітычныя размовы ў рамках выбарчай кампаніі, аднак сп. Ганчарык абвергнуў такія сьцьверджаньні, заявіўшы, што прафсаюзы ад палітыкі не адлучаныя і, да таго ж, ён мае права выказваць уласную думку.

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода — як ён ацэньвае вынікі сустрэчы, кіраўнік Віцебскага абласнога Савета Белхімпрафсаюза Аляксандар Горскі сказаў, што яна прайшла плённа і канструктыўна, і што (цытуем) “прафсаюзныя работнікі цудоўна разумеюць — якія працэсы ідуць у краіне і ў якім стане знаходзіцца айчынная эканоміка”. Сп. Горскі паведаміў таксама, што ўдзельнікі сустрэчы афіцыйным чынам запрасілі старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў наведаць бліжэйшым часам Наваполацак дзеля сустрэчы з работнікамі гарадзкіх прадпрыемстваў.


XS
SM
MD
LG