Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАМЕСЬНІК КІРАЎНІКА БДІПЧ ПІТЭР АЙКЕР: ДЗЕЯНЬНІ БЕЛАРУСІ – ГЭТА НЕДАПУШЧАЛЬНАЯ АБСТРУКЦЫЯ


Сяргей Шупа, Прага

Мы запыталіся ў Пітэра Айкера, ці вынікае з заявы Бюро, што плян назіраньня за выбарамі, распрацаваны БДІПЧ, ужо сарваны дзеяньнямі беларускіх уладаў. Вось што ён адказаў:

(Айкер: ) “Вядома, яны нам перашкодзілі. Мы хацелі мець шэсьць тыдняў на выбарчае назіраньне і цяпер ужо гэтага часу мы ў Беларусі ня маем. Гэта – відавочная абструкцыя, недапушчальная для дзяржавы-удзельніцы АБСЭ”.

(Карэспандэнт: ) “Падчас выбараў у “палату прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Беларусі увосень мінулага году міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і АБСЭ, адмовіліся накіроўваць у Беларусь поўнамаштабную каманду назіральнікаў, а БДІПЧ абмежавалася накіраваньнем тэхнічнай місіі. Ці можа так здарыцца і на гэты раз, ці ёсьць нейкая deadline, пасьля якой накаріваньне паўнавартастнай місіі будзе ўжо немагчымым?”

(Айкер: ) “Мы яшчэ не прынялі гэтага рашэньня. Сёлета ў нас крыху іншая сытуацыя. Эўрапейскія інстытуцыі – і гэта ня толькі кіраўніцтва і Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ, але й Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы і Эўрапарлямэнт ­ папрасілі нас у ліпені ў Парыжы паспрабаваць паслаць сёлета ў Беларусь паўнавартасную назіральную місію. І мы стараемся гэта зрабіць. Мы паспрабуем пераканаць беларускія ўлады ў тым, што яны абавязаныя нас запрасіць. А яны й сапраўды абавязаныя ­ у адпаведнасьці з Хартыяй Эўрапейскай Бясьпекі. Гэта дакумэнт, які сам Лукашэнка падпісаў у Стамбуле ў сьнежні 1999 году. Такія пляны стаяць цяпер перад намі, і мы стараемся іх выканаць”.

(Карэспандэнт: ) “У сваёй заяве Вы адзначаеце, што Менск парушае свае міжнародныя абавязкі, якія ён ўзяў на сябе, як сябра АБСЭ. Якія міжнародныя наступствы для Беларусі гэта можа мець?”

(Айкер: ) “Ну, тут насамрэч усё залежыць не ад нас, не ад нашага Бюро Дэмакратычных Інстытутаў і Правоў Чалавека, а ад краінаў-удзельніцаў і кіраўніцтва АБСЭ. Мы ўвесь час інфармуем кіраўніцтва пра сытуацыю, і палітычныя ворганы арганізацыі маюць вырашыць ­ ці ўжыць да Беларусі нейкія захады.

(Карэспандэнт: ) “Некалькі тыдняў таму старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі Вешнякоў вёў перамовы с БДІПЧ наконт таго, што расейскія назіральнікі будуць ў складзе агульнай каманды назіральнікаў АБСЭ. Зараз Менск не дасылае запрашэньня БДІПЧ удзельнічаць у назіраньні. Ці паведамлялі Вы пра гэта расейскаму боку? Ці ёсьць нейкая рэакцыя?”

(Айкер: ) “Вядома, мы ўвесь час падтрымваем кантакты з усімі нашымі партнэрамі. Цэнтарвыбаркам спадара Вешнякова запрапанаваў даслаць двух сваіх назіральнікаў, якія б далучыліся да нашай каманды доўгатэрміновага назіраньня, і мы з прыемнасьцю прынялі гэтую прапанову. У Маскве цяпер таксама чакаюць запрашэньня ад Беларусі. Мы кантактуем зь імі, і, я думаю, яны былі б гэтаксама расчараваныя, як і мы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці застаецца ў Вас яшчэ нейкая надзея на ўратаваньне сытуацыі?”

(Айкер: ) “Я пакуль што не гатовы траціць надзею. Я буду сядзець у Варшаве і чакаць запрашэньня, якое нам абяцалі даслаць. Так што гаворка ня йдзе пра страту надзеі. Тут хутчэй палітычнае пытаньне. Час ідзе выбарчая кампанія працягваецца, а назіральнікаў ­ якія б назіралі за выбарамі ўжо на гэтым этапе ­ няма. І зь міжнароднага гледзішча гэта можа зьнізіць давер да вынікаў выбараў”.


XS
SM
MD
LG