Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК У БАРАНАВІЧАХ СУСТРЭЎСЯ З ПРАФСАЮЗНЫМ АКТЫВАМ І СЯБРАМІ СВАЙГО ШТАБУ


Алесь Горбач, Баранавічы


Першаю ў графіку Ўладзімера Ганчарыка была сустрэча з баранавіцкімі бізнэсоўцамі. На ёй уздымаліся пытаньні ўзаемадзеяньня бізнэсу з прафсаюзамі, а таксама абмяркоўвалася эканамічная і палітычная сытуацыя ў краіне.

Пасьля старшыня Фэдэрацыі беларускіх прафсаюзаў узяў удзел у сходзе прафсаюзнага актыву гораду. Варта адзначыць, што гэтае мерапрыемства адбывалася ў вялікай залі Баранавіцкага райвыканкаму, і на ім прысутнічалі намесьнік старшыні гарвыканкаму Дзьмітры Касьцюкевіч, іншыя вэртыкальшчыкі, а таксама старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Міхаіл Якшук. У сваім выступе Ганчарык рсапавёў аб тым, як ідзе выкананьне генэральнага пагадненьня паміж прафсаюзамі і ўрадам і працадаўцамі.

З залі Ўладзімеру Ганчарыку задавалі шмат пытаньняў і пра абнародаваныя ім дакумэнты, што датычаць лёсу зьніклых людзей, і пра стан эканомікі ды шляхі выхаду з такога стану, і пра асабістае жыцьцё. Пераважна заля даволі станоўча рэагавала на выступоўцу. Толькі карэспандэнт афіцыйнай берасьцейскай абласной газэты “Зара” Іван Будзько выказаў сваё абурэньне тым, што, маўляў, Ганчарык займаецца агітацыяй, на што той адрэагаваў спакойна, сказаўшы: “Я нікога ні за што не агітую, проста людзі задаюць пытаньні, і я не магу на іх не адказваць. А вам лепш раю зьвярнуць увагу на тое, якую агітацыю вядзе Лукашэнка па дзяржаўных сродках масавай інфармацыі”.

Пасьля адбылася сустрэча патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта з палітычным актывам Баранавічаў – тымі людзьмі, якія будуць працаваць у ягонай камандзе. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі ініцыятыўных групаў Міхаіла Чыгіра, Сямёна Домаша, Сяргея Калякіна, Паўла Казлоўскага. Ганчарык паведаміў прысутным, што сёньня раніцай ён і Сямён Домаш падпісалі заяву, у якой абвяргаюць усе чуткі аб тым, што нібыта ў кааліцыі сьпее раскол. “Мы яшчэ раз пацьвердзілі, што да перамогі будзем ісьці разам і толькі разам,” – заявіў кандыдат ад шырокай грамадзкай кааліцыі.

Апошнім мерапрыемствам сньняшняга візыту Ўладзімера Ганчарыка ў Баранавічы стала простая лінія з чытачамі мясцовай незалежнай газэты “Інтэкс-прэс”.
XS
SM
MD
LG