Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ ЗРАБІЛА ВЫБАР НА КАРЫСЬЦЬ ЛУКАШЭНКІ


Юры Дракахруст, Прага


Заявы расейскага лідэра наконт беларускіх выбараў утрымлівалі відавочныя супярэчнасьці. “Расея ня можа і ня будзе умешвацца ва унутраныя справы Беларусі ў сувязі з выбарамі,” – заявіў Уладзімер Пуцін і адразу ж дадаў, што само па сабе тое, што ён прымае Аляксандра Лукашэнку ў сябе дома “шмат пра што гаворыць”.
Паколькі гаспадар Крамля ня робіць такой ласкі ні Ганчарыку, ні Домашу, ні Гайдукевічу, то гаворыць гэта пра рэч зусім канкрэтную. Масква дэманструе, каго б яна хацела бачыць на чале Беларусі, што можа разглядаць якраз як спробу паўплываць на перадвыбарчую барацьбу.

Варта прыгадаць, што сустрэча ў Сочы – апошняя ў сэрыі дастаткова частых сустрэчаў двух кіраўнікоў на працягу кароткага часу. І частата гэтых сустрэчаў, кажучы словамі Пуціна, таксама “шмат пра што гаворыць”.

Супярэчлівыя заявы расейскага лідэра маюць розных адрасатаў. Дэманстратыўныя спатканьні з Аляксандрам Лукашэнкам – недвухсэнсоўнае пасланьне беларускім выбаршчыкам, паведамленьне пра той выбар, які Масква, падаецца, ужо зрабіла.

Заявы пра няўмяшальніцтва Расеі ў перадвыбарчую кампанію маюць першачарговым адрасатам Захад. Неа-імпэрскія элемэнты зьнешняй палітыкі Масквы ў дачыненьні да суседзяў і зараз выклікаюць занепакоенасьць заходніх краінаў. Простая дэкляраваная падтрымка адыёзнай беларускай улады з боку Крамля магла б ўскладніць і без таго няпросты дыялёг Расеі з Захадам.

Да таго ж, гэта і пэўная страхоўка – калі выбар беларускага народу не супадзе з выбарам Крамля, заўсёды можна будзе прыгадаць сёньняшнюю заяву пра неўмяшальніцтва.

Варта зьвярнуць увагу і на бізантыйскую вытанчанасьць: ня ўмешваецца ў беларускія перадвыбарчыя справы Расея, а Лукашэнку прымае асабіста Пуцін – падабаецца ён яму, што ж тут зробіш. А пасьля 9 верасьня, магчыма, спадабаецца іншы. Расея ж ні ў што ня ўмешваецца.



XS
SM
MD
LG