Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕЛЬСЫНСКІ КАМІТЭТ ЗАПАТРАБАВАЎ ЗЬМЯНІЦЬ ФОРМУ ПРАТАКОЛУ ПАДЛІКУ ГАЛАСОЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск


Праваабаронцы Беларускага Гельсынскага камітэту адправілі ў Цэнтральную выбарчую камісію заяву з патрабаваньнем зьмяніць форму пратаколу галасаваньня на выбарчых участках. Адпаведная заява накіраваная і ў Канстытуцыйны суд. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што цяперашняя форма пратаколу адкрывае шлях да фальшаваньняў, бо не адлюстроўвае вынікаў у адпаведнасьці з рознымі формамі галасаваньня, а толькі дае суму галасоў.

Намесьнік старшыні БГК Гары Паганяйла спасылаецца на 55-ы артыкул Выбарчага кодэксу, у адпаведнасьці зь якім існуюць тры віды скрыняў для бюлетэняў, падлік якіх трэбы весьці па чарзе.

(Паганяйла: ) "Адкрыцьцё скрыняў для галасаваньня й падлік галасоў ідуць па чарзе. Спачатку — скрыні для датэрміновага галасаваньня, потым вынасныя скрыні, і потым тыя, што стаялі на ўчастках у дзень галасаваньня. Адпаведна лічацца галасы і потым падсумоўваюцца. У пратаколе трэба адлюстраваць гэтыя розныя віды дадзеных, інакш немагчыма спраўдзіць вынікі галасаваньня. Аднак у форме пратаколу, якая прынятая Цэнтральнай камісіяй 8 чэрвеня 2001 году, гэта не прадугледжана, туды дастаткова ўнесьці толькі выніковую лічбу. Таму, безумоўна, гэтая форма не адпавядае патрабаваньням закону".

Гэтак лічаць у Беларускім Гельсынскім камітэце.

Праваабаронцы прапанавалі Цэнтральнай выбарчай камісіі перарабіць форму пратакола ў адпаведнасьці з законам або яны зьвернуцца ў Канстытуцыйны суд, каб высьвятліць ягонае меркаваньне.


XS
SM
MD
LG