Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЦЬВЁРКА ЛІДЭРАЎ ПАДПІСНОЙ КАМПАНІІ ПАСЬПЯХОВА ПРАЙШЛА СПРАЎДЖАНЬНЕ ПОДПІСАЎ НА МЕНШЧЫНЕ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць


Паводле інфармацыі кіраўніцы ўправы арганізацыйна-кадравае працы Менскага абласнога выканкаму Галіны Пархомчык, Сяргей Гайдукевіч, Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і Аляксандар Лукашэнка пасьпяхова прайшлі спраўджваньне дакладнасьці афармленьня падпісных лістоў у рэгіёнах сталічнае вобласьці. У выніку выбракоўка не перавысіла дазволенае Выбарчым кодэксам мяжы — 15% ад таго аб'ёму, што правяраўся сябрамі мясцовых тэрытарыяльна-выбарчых камісіяў.

Найбольш лёгка прайшло спраўджваньне падпісных лістоў на карысьць Сямёна Домаша — іхны "адсеў" склаў лічаныя адсоткі, а вось найбольшыя страты пацярпеў Уладзімер Ганчарык — так, у Слуцку, падкрэсьліла суразмоўніца, у гэтага прэтэндэнта было забракавана ажно 30% таго аб'ёму падпісных лістоў, якія спраўджвала тутэйшая выбарчая камісія. У выніку, паводле Выбарчага кодэксу, скасаваныя ўсе сабраныя подпісы для вылучэньня спадара Ганчарыка кандыдатам на прэзыдэнта ў згаданым рэгіёне. Спадар Ганчарык, які меў на руках зьвесткі, што ў Слуцку страты не перавысілі 5%, сёньня ж ураніцу накіраваў у гэты горад двух сяброў свайго штабу, адзін зь якіх ёсьць прафэсійным юрыстам.

Актывістка штабу Ўладзімера Ганчарыка, Валянціна Палевікова ў інтэвію Радыё Свабода зазначыла, што ягоныя патэнцыйныя падпісанты зь ліку случакоў ужо зьведалі намэнклятурны ўціск. Як такое мелася на кансэрвавым заводзе, дзе адміністрацыя загадвала сваім работнікам не аддаваць свае галасы на карысьць вылучэньня Ўладзімера Ганчарыка.

Дарэчы, яшчэ ў адным буйным горадзе Меншчыны — Барысаве — Уладзімера Ганчарыка ледзь не спасьцігла няўдача. Тут, як паведаміў старшыня выбарчае камісіі Васіль Баранік, было выбракавана блізу 13% з той колькасьці подпісаў, якія згаданая камісія правярала.

Рызыкавала таксама й тутэйшая ініцыятыўная група спадара Гайдукевіча — гэты паказьнік у яе склаў каля 12%. Затое амаль не было стратаў у адзінага дэмакратычнага прэтэндэнта, паводле інфармацыі незалежных назіральнікаў Сьвятланы Лапіцкай і Алеся Капуцкага, у гарадох Жодзіна, Смалявічы, Маладэчна, мястэчках Пліса й Радашкавічы.


XS
SM
MD
LG