Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНТАРОЎ РАДЫ ЭЎРОПЫ СУСТРЭЛАСЯ З КААРДЫНАТАРАМІ ЎНУТРАНАГА НАЗІРАНЬНЯ І ПАТЭНЦЫЙНЫМІ КАНДЫДАТАМІ


Уладзімер Глод, Менск


Мечыслаў Грыб, які каардынуе дзеяньні ўсіх унутраных назіральнікаў, адзначыў адну важную дэталь — упершыню за час, што дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі наведвае Беларусь, яна спачатку сустракаецца зь незалежнымі назіральнікамі й толькі пасьля з старшынём ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Такім чынам, упершыню зьяўляецца магчымасьць даведацца ад унутраных назіральнікаў пра невырашаныя пытаньні, а затым паставіць іх перад ЦВК. Ці змаглі ўнутраныя назіральнікі данесьці да міжнародных чыноўнікаў свае праблемы?

Вось што адказвае на гэтае пытаньне сп. Грыб...

(Грыб: ) "На сёньняшняй сустрэчы ішла размова пра работу нашых назіральнікаў. Казалася, як мы арганізаваныя, як мы аб'ядналіся, што мы думаем зрабіць, ці згодны мы, каб прыехалі назіральнікі з Парлямэнцкай асамблеі. Я сказаў адназначана, што мы былі б зацікаўленыя, каб гэтыя людзі прыехалі ў якасьці назіральнікаў. Яны цікавяцца падыходамі, парушэньнямі, якія былі, хто рабіў, куды скаргі пасылалі, як іх разглядалі, рэагавалі на іх ці не. Таксама цікавіліся якія прапановы мы хацелі б зрабіць празь іх у ЦВК".

Магчыма, што міжнародная супольнасьць атрымае афіцыйнае запрашэньне ад беларускіх уладаў і дашле ў Беларусь міжнародных назіральнікаў. Ці патрэбна тады праца ўнутраных назіральнікаў? Вось як адказвае на гэтае пытаньне старшыня Палітычага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэры Дэйвіс.

(Дэйвіс: ) "Так. Я думаю, што роля ўнутраных назіральнікаў будзе вельмі важнай у гэтай прэзыдэнцкай кампаніі. Ёсьць так шмат назіральнікаў, што мы мусім надаваць пільную ўвагу тым справаздачам, што яны робяць".

Леанід Сініцын і Міхал Марыніч, хаця й паасобку сустракаліся з дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі, але найперш зьвярнулі ўвагу на адну і тую ж праблему: працэс падліку сабраных подпісаў. Абодва патэнцыйных кандыдаты заявілі, што яны не спынілі барацьбу за сваю рэгістрацыю. Сп. Марыніч, напрыклад, паведаміў, што сёньня пасьля доўгіх пошукаў ён знайшоў 1300 подпісаў у выканкаме Маскоўскага раёну Менску і 3200 — Фрунзэнскага, якія чамусьці не перададзеныя ў ЦВК. А сп. Сініцын распавёў, што ён ужо накіраваў сваю скаргу на дзеяньні ЦВК ў Канстытуцыйны суд. Абодва прэтэндэнты заявілі, што, на іхную думку, прыезд у Беларусь назіральнікаў ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пажаданы.



XS
SM
MD
LG