Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ НАВЕДАЕ БЕЛАРУСЬ З 31 ЛІПЕНЯ ПА 3 ЖНІЎНЯ


Уладзімер Глод, Менск


У Менск прыяжджаюць прадстаўнікі Рады Эўропы, якія былі тут ужо некалькі разоў. Гэта й старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Тэры Дэйвіс зь Вялікай Брытаніі, дакладчык гэтага ж камітэту ў справах Беларусі Вольфганг Бэрандт зь Нямеччыны, а таксама дакладчык камітэту правоў чалавека Цырыл Свобада з Чэхіі. Як напісана ў афіцыйным прэсавым рэлізе, што распаўсюджаны Парлямэнцкай асамблеяй, мэта візыту — вывучэньне цяперашняе палітычнае сытуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці, у сьвятле хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў.

У папярэдняй праграме візыту — сустрэча міжнародных парлямэнтароў зь дзейным кіраўніком беларускае дзяржавы. Магчыма, яна адбудзецца ўвечары 31 ліпеня, магчыма — ураніцу 1 жніўня.

Дэлегацыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Менску чакалі яшчэ на пачатку ліпеня. Але тады вышэйшыя службовыя асобы краіны адмовіліся ад перамоваў, спаслаўшыся на вялікую занятасьць і сьвяты. І візыт "тройкі" не адбыўся. За гэты час, акрамя сталай праблемы — умоваў правядзеньня выбараў — зьявілася новая: да гэтага часу беларускія ўлады не даслалі афіцыйнага запрашэньня для міжнародных назіральнікаў. Між тым, доўгачасовае назіраньне павінна было пачацца ўжо 25 ліпеня. Афіцыйныя ўлады абяцаюць, што такое запрашэньне будзе даслана літаральна днямі. У палітычнных кулюарах мяркуюць, што Лукашэнка можа перадаць яго непасрэдна дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі, і такім чынам набыць сабе дадатковыя пункты ў перадвыбарчай кампаніі.

Падчас візыту дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычнай апазыцыі, патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, праваабаронцамі, журналістамі, сябрамі няўрадавых арганізацыяў. Заплянавана й наведваньне ў турме дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава.
XS
SM
MD
LG