Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ САВЕТ БЕЛАРУСІ ЗАКЛІКАЎ ГАЛАСАВАЦЬ ЗА АДЗІНАГА КАНДЫДАТА АД ШЫРОКАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ КААЛІЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск


Сёньня пасьля чатырохмесячнага перапынку адбылося паседжаньне дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня. Яно праходзіла за межамі сталіцы у Менскім раёне.

Галоўным пытаньнем парадку дня стала стаўленьне Вярхоўнага Савету да прэзыдэнцкіх выбараў. Дэпутаты пасьля непрацяглае дыскусіі прынялі адмысловую заяву. Сутнасьць яе такая — легітымны беларускі парлямэнт заклікае грамадзянаў краіны актыўна прыйсьці 9 верасьня на выбарчыя ўчасткі і аддаць свае галасы адзінаму кандыдату ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Дэпутаты ўхвалілі рашэньне "пяцёркі" пра вылучэньне адзінага кандыдата. Але цяпер, на думку Вярхоўнага Савету, патрэбны наступны крок — адзіны кандыдат, з аднаго боку, і суб'екты шырокае грамадзянскае кааліцыі, з другога, мусяць падпісаць дамоўленасьць пра супольныя дзеяньні як падчас падрыхтоўкі да выбараў гэтак і пасьля іх.

Абодва бакі, лічаць дэпутаты, мусяць узяць на сябе пэўныя забавязаньні. Кааліцыя, часткаю якой лічыць сябе легітымны парлямэнт, будзе падтрымліваць адзінага кандыдата пры ўмове, што ён дасьць публічныя гарантыі зьмены ўсёй сыстэмы дзейнае ўлады. Патрэбна, каб замест таталітарнае ўлады адной асобы прыйшла дэмкратычная, калектыўная. У гэтым сэнсе тандэм "прэзыдэнт-прэм'ер" будзе падвышаць шанцы абодвух —і Ўладзімера Ганчырака, і Сямёна Домаша.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету даручылі намесьнікам старшыні Генадзю Цярэню і Анатолю Лябедзьку зарганізаваць як мага хутчэй сустрэчы сяброў парлямэнту з спадарамі Ганчарыкам і Домашам. Але яшчэ да гэтай размовы ўсе 26 дэпутатаў, што ўдзельнічалі ў сёньняшнім паседжаньні, пагадзіліся стаць даверанымі асобамі адзінага кандыдата.

Вярхоўны Савет таксама прыняў сёньня яшчэ дзьве заявы. Першая заклікае нацыянальныя парлямэнты, урады, міжнародныя арганізацыі патрабаваць ад афіцыйных беларускіх уладаў стварэньня незалежнае камісіі з удзелам міжнародных экспэртаў у справе расьсьледаваньня зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Другая заява тычыцца міжнароднага назіраньня за маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. З таго, што ўжо цяпер бачна, як беларускія ўлады хочуць сфальшаваць вынікі выбараў, Вярхоўны Савет заклікае міжнародную супольнасьць, АБСЭ, Раду Эўропы, Эўразьвяз, міжпарлямэнцкія міжнародныя структуры ўдзельнічаць у шырокамаштабным назіраньні за выбарамі, як на этапе іхнае падрыхтоўкі, гэтак і на стадыі галасаваньня.

Таксама падкрэсьліваецца, што дадзеная заява зьяўляецца афіцыйным запрашэньнем міжнародных арганізацыяў з боку Вярхоўнага Савету — апошняга дэмакратычна абранага й легітымнага парлямэнту Беларусі.
XS
SM
MD
LG