Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯДОМЫЯ ЛЮДЗІ БЕЛАРУСІ ПАТРАБУЮЦЬ, КАБ ЦВК ЗЬНЯЎ КАНДЫДАТУРУ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня газэта "Народная воля" надрукавала зварот, які падпісалі 55 вядомых палітыкаў й грамадзкіх дзяячоў Беларусі. Яны запатрабавалі ад Цэнтральнай выбарчай камісіі зьняць з рэгістрацыі кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. Зварот падпісалі лідэры апазыцыйных партыяў, сябры аргкамітэту "За новую Беларусь", "пяцёрка", а таксама Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Тацяна Процька, Іосіф Сярэдзіч ды іншыя.

"Грамадзкасьць узрушаная публікацыяй матэрыялаў пра існаваньне "эскадрона сьмерці", які створаны дзяржаўнымі спэцслужбамі для расправы з палітычна непажаданымі асобамі. — Гаворыцца ў звароце. — Дакумэнты сьведчаць, што да гэтых страшных злачынстваў мае дачыненьне былы сакратар Рады Бясьпекі, а цяпер генэральны пракурор Віктар Шэйман і былы міністар унутраных справаў, а цяпер намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Юры Сівакоў. Дакумэнты абнародаваны, даведзеныя да ведама Лукашэнкі. Грамадзкасьць чакае адказу. Але маўчыць Аляксандар Лукашэнка, маўчыць урад, маўчаць дзяржаўныя СМІ".

З гэтае прычыны падпісанты патрабуюць, каб ЦВК тэрмінова разгледзела пытаньне пра адхіленьне ад рэгістрацыі кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, таму што ён не прыняў адпаведных захадаў у справе расьсьледаваньня злачынстваў супраць грамадзянаў краіны, і гэтым самым парушыў свой канстытуцыйны абавязак.

Гаворыць адзін з аўтараў звароту Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) "Гэтае пытаньне трэба ставіць, на яго трэба адказваць або даказваць, што яно неправамернае, або тады прызнаваць, што ў нас у дзяржаве кіруюць не законы, а нейкія групоўкі.

Мы яшчэ раз хочам зьвярнуць увагу на тое, што вельмі многія факты ў практыцы нашай беларускай дзяржавы насьцярожваюць. Яны зьвязаныя са зьнікненьнем людзей і з тым, што гэта не дасьледуецца належным чынам",— мяркуе Генадзь Бураўкін.

Падпісанты таксама запатрабавалі, каб прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын тэрмінова стварыў незалежны кампэтэнтны ворган з удзелам міжнародных экспэртаў у справе праверкі магчымага дачыненьня высокіх чыноўнікаў да зьнікненьня людзей.

Ці адрэагуе Ўладзімер Ярмошын на гэтую прапанову, і якім чынам? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да аднаго зь ініцыятараў звароту, старшыні аргкамітэту "За новую Беларусь" Васіля Лявонава...

(Лявонаў: ) "Хай чытае. Пакуль. Некалькі дзён. Потым, калі ня будзе ніякай рэакцыі праз два-тры дні, мы аднясем яму зварот. Уладу абвінавачваюць у цяжкіх злачынствах, а яна маўчыць. Наш зварот — гэта яшчэ адзін з фактаў, аргумэнтаў, якія ўжо ёсьць у ЦВК, пра грубыя парушэньні перадвыбарчае барацьбы".

Ці разьлічвалі аўтары звароту, што ЦВК насамрэч здолее адхіліць Аляксандра Лукашэнку ад рэгістрацыі? На гэтае пытаньне Радыё Свабода Васіль Лявонаў адказаў наступным чынам.

(Лявонаў: ) "Я не разьлічваю на тое, што Ярмошына здыме яго. Яна баіцца яго..."

Гэтак лічыць старшыня аргкамітэту "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў.
XS
SM
MD
LG