Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПЯЦЁРКА ЗЬНЯЛА ГАЛАЎНЫ БОЛЬ У ІНШЫХ СУБ’ЕКТАЎ ПАЛІТЫЧНАГА ЖЫЦЬЦЯ"


Альгерд Невяроўскі, Менск


Усе апазыцыйныя лідэры задаволеныя тым, што пяцёрка прэтэндэнтаў сама вызначыла адзінага кандыдата. Гаворыць лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

"Аб'яднаная Грамадзянская партыя неаднаразова падкрэсьлівала, што прозьвішча нашага кандыдата — гэта адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. І мы таксама выказваем станоўчае стаўленьне да таго, што на імя, на прозьвішча кандыдата вывела працэдура. Тое, што прэтэндэнты дамовіліся самі — яны зьнялі галаўны боль у іншых суб'ектаў палітычнага жыцьця.

Я думаю, што вялікі непакой сёньня існуе ў беларускім "Чырвоным доме" — там не чакалі такіх вынікаў. Таму, з пункту гледжаньня канчатковых вынікаў, нас працэдура задавальняе",— сказаў спадар Лябедзька.

Ён таксама паведаміў, што заўтра паміж адзіным кандыдатам і прадстаўнікамі шырокай грамадзянскай кааліцыі пачнуцца кансультацыі. Паводле Лябедзькі, у часе гэтых кансультацыяў бакі павінны ўзяць на сябе ўзаемныя абавязкі. Ганчарык мусіць дакладна сфармуляваць сваё стаўленьне да дэмакратычных рэформаў у краіне, незалежнасьці Беларусі й г.д. У гэтым выпадку апазыцыйныя сілы аб'яднаюць свае намаганьні дзеля ягонае падтрымкі. Гэтую думку падзяляюць і лідэры БНФ. Гаворыць намесьнік старшыні БНФ, старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Юры Хадыка:

"Мяне гэтая кандыдатура, як і іншая з 4-х магчымых прэтэндэнтаў цалкам задавальняе. Хачу гэта асабліва падкрэсьліць, настойліва, што ўся сутнасьць перадвыбарчае тактыкі БНФ была накіраваная на падтрымку адзінага кандыдата ад аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі. Гэта вельмі прынцыпова. Асабістыя якасьці тут адступаюцць на другі плян.

Мы мусім аб'яднацца вакол адзінага кандыдата, тым больш, што ён быў вызначаны ўнутры самой пяцёркі прэтэндэнтаў",— сказаў Юры Хадыка.

На думку спадара Хадыкі, нягледзячы на тое, што пяцёрка сама абрала адзінага кандыдата, неабходнасьць у правядзеньні 4 жніўня Кангрэсу дэмакратычных сілаў ня зьнікла. Юры Хадыка лічыць, што Кангрэс павінен канчаткова замацаваць падтрымку кандыдатуры Ўладзімера Ганчарыка.

Што да неабходнасьці Кангрэсу, са спадаром Хадыкам ня згодны лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч...

(Статкевіч: ) "Я думаю, што гэта вельмі патрэбны й слушны крок. Я чакаю, што будзе створаны адзіны штаб, куды ўвойдуць касьцякі камандаў усіх прэтэндэнтаў з боку апазыцыі.

Кангрэс дэмакратычных сілаў, які плянуе правая кааліцыя з мэтаю падтрымкі адзінага незалежнага кандыдата, можа нанесьці вялікую шкоду гэтаму кандыдату. Мы ведаем атмасфэру, у якой праводзяцца гэтыя кангрэсы, ведаем, што чым больш радыкальны лёзунг, тым большыя авацыі залі. І, безумоўна, прапаганда рэжыму гэта цалкам можа скарыстаць".

Гэтак лічыць Мікола Статкевіч. На ягоную думку адзіны кандыдат увогуле не павінен асацыявацца ў выбарцаў зь нейкімі партыямі ці арганізацыямі.

А вось што адказаў на маё пытаньне: "Ці здолеюць цяпер усе апазыцыйныя сілы аб'яднаць свае рэсурсы ў падтрымку Ганчарыка?" – старшыня Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб:

"Я лічу, што гэта факт станоўчы, таму, што трэба людзям аб'ядноўвацца. Для палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў трэба было аб'яднацца для выкананьня гэтага рашэньня. Ці здолеюць яны гэта зрабіць, я ня ведаю, але павінны зрабіць. У іх няма іншага выйсьця",— сказаў спадар Грыб.

На думку Мечыслава Грыба, дэмакратычныя кандыдаты слаба абароненыя і ў любы момант могуць быць зьнятыя Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Таму Ўладзімеру Ганчарыку й Сямёну Домашу трэба йсьці на рэгістрацыю, і толькі пасьля пасьпяховага праходжаньня гэтае працэдуры можна казаць, што ў апазыцыі ёсьць адзіны кандыдат.




XS
SM
MD
LG