Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПІНСКУ ЎХВАЛЯЮЦЬ АБРАНЬНЕ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Алесь Моргаль, кіраўнік ініцыятыўнае групы вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта Сямёна Домаша, у размове з нашым карэспандэнтам паведаміў, што абраньне адзінага кандыдата — вельмі станоўчы крок, і ягоная каманда будзе безумоўна гэтага кандыдата падтрымліваць. Аднак, паводле спадара Моргаля, наперадзе — этап рэгістрацыі, які можа сур’ёзна зьмяніць перадвыбарчы расклад сілаў.

Прыкладна такое ж меркаваньне выказаў і Зьміцер Пятроў, які ўзначальвае ў Пінску ініцыятыўную групу Міхаіла Чыгіра. На думку спадара Пятрова, можа адбыцца так, што адзінага кандыдата не зарэгіструюць, і тады апазыцыі трэба будзе тэрмінова мяняць плян дзеяньняў.

У ініцыятыўнай групе вылучэньня Сяргея Калякіна, нам паведамілі, што Ўладзімер Ганчарык, апроч, вядома, Калякіна, ёсьць найбольш прыймальнай для камуністаў асобаю на адзінага кандыдата.

А тымчасам у мясцовых "раёнках" пэрыядычна друкуюцца матарыялы ў падтрымку цяперашняга кіраўніка Беларусі. Напярэдадні гарадзкая газэта “Пінскі веснік” надрукавала зварот праўрадавых грамадзкіх арганізацыяў у падтрымку Лукашэнкі. Столінскія “Навіны Палесся” таксама друкуюць зварот у падтрымку цяперашняга кіраўніка Беларусі — але ад мясцовага БПСМу, які заклікае моладзь падтрымаць Аляксандра Лукашэнку. Амаль усе "раёнкі" Берасьцейшчыны рапартуюць пра стварэньне ў раённых цэнтрах філіяў новай грамадзкай арганізацыі “Цытадэль”, якая мае на мэце ўсяляк прапагандаваць ды падтрымліваць сацыяльна-эканамічны курс цяперашняга беларускага кіраўніцтва. Адметна, што сярод кіраўнікоў мяйсцовых філіяў “Цытадэлі” у асноўным кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў ды прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. А самі ўстаноўчыя сходы філіяў “Цытадэлі” былі зарганізаваныя на ініцыятыву "вэртыкалі".
XS
SM
MD
LG