Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАЯ ПРЭСА ЛІЧЫЦЬ, ШТО ГАНЧАРЫК МОЖА СКЛАСЬЦІ РЭАЛЬНУЮ КАНКУРЭНЦЫЮ ЛУКАШЭНКУ


Мікола Іваноў, Прага

Брытанская газэта “Sandy Times” прысьвячае свой камэнтар справе былога рэктара Гомельскага мэдыцынскага інстытуту Юрыю Бандажэўскаму. Турэмны прысуд Юрыю Бандажэўскаму, чытаем на старонках брытанскай газэты, - гэта частка доўгатэрміновай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, накіраванай на зьмяншэньне нэгатыўных наступстваў для Беларусі Чарнобыльскай катстрофы.

Міжнародная амністыя і іншыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць, што прысуд Бандажэўскаму зьвязаны зь ягонай працай па высьвятленьні усёй паўнатуы шкоды, нанесенай Чарнобылем.

“Sandy Times” падае на сваіх старонках словы Соланджа Фэрнэкса, былога французскага парлямэнтарыя, які ўзначальвае грамадзкі камітэт у падтрымку Бандажэўскага. Ён лічыць, што Бандажэўскі зрабіў вялікую працу, каб высьветліць рэальны ўплыў радыяцыі на арганізм чалавека.

У камэнтары газэты таксама гаворыцца, што Бандажэўскі быў арыштаваны адразу пасьля таго, як ён накіраваў асабісты ліст Лукашэнку, у якім скардзіўся на дрэнную працу міністэрства аховы здароў’я ў галіне пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Адразу дзьве нямецкія газэты “Die Welt” і “Franfurter Allgemeine Zeitung” прысьвячаюць свае камэнтары Беларусі. Абедзьве ў якасьці важнай падзеі для лёсу дэмакратыі ў Беларусі адзначаюць факт выбару адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах. На думку “Die Welt”, 61-гадовы прафсаюзны лідэр Уладзімер Ганчарык зможа скласьці рэальную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку і паспрабаваць вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі.

Абедзьве газэты “Die Welt“ і “Frankfurter Allgemeine Zeitung“ значную ўвагу надаюць арышту і суду ў Менску над нямецкім грамадзянінам Крыстафэрам Лецам, якога беларускія ўлады абвінавачваюць у шпіянажы. Галоўная думка абодвух камэнтароў: арышт і суд над Крыстафэрам Лецам, а таксама над амэрыканскім грамадзянінам Чарльзам Пэрыэлам, якога абвінавачваюць у злоўжываньні наркотыкамі, - гэта частка кампаніі беларускіх уладаў, накіраванай на стварэньне атмасфэры небясьпекі з боку варожых Беларусі сілаў. А гэта, маўляў, можа дапамагчы Аляксандру Лукашэнку перамагчы ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG