Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЗАБОЙСТВЫ І ВЫБАРЫ”. WASHINGTON POST КАМЭНТУЕ ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ


Мікола Іваноў, Прага

Іван Ціцянкоў пацьвердзіў інфармацыю двух сьледчых, якія нядаўна зьбеглі на Захад, і заявіў, што гэнэральны пракурор і старшыня дзяржбясьпекі былі зусім блізкія да таго, каб знайсьці целы загінулых, але яны самі былі звольненыя Лукашэнкам пад канец мінулага году. Сам Іван Ціцянкоў таксама знайшоў прытулак у замежжы, а інтэрвію з ім было надрукаванае, нягледзячы на тое, што Дзяржаўны Дом друку адмовіўся друкаваць газэту, дзе яно было зьмешчанае.

Выкарыстаньне Аляксандрам Лукашэнкам “эскадронаў сьмерці”, магчыма, прыцягне, пэўную ўвагу міжнароднай грамадзкасьці, але ж сама беларуская апазыцыя ўспрымае гэта як пэўны факт. Гэты факт, верагодна, тлумачыць, чаму адзіны сур’ёзны контркандыдат Аляксандра Лукашэнкі на верасьнёўскіх выбарах Натальля Машэрава, дачка папулярнага ў 70-я гады беларускага лідэра, якая толькі пачала набіраць падтрымку ў апытаньнях грамадзкай думкі, нечакана адмовілася ад удзелу ў выбарах.
Не цяжка зразумець спадарыню Машэраву, - піша газэта Washington Post, - нават, калі б Лукашэнка дазволіў ёй працягваць перадвыбарчую кампанію, ён, праўдападобна, выкарыстаў бы ўсе магчымыя сродкі выйграць альбо сфальсыфікаваць вынік выбараў. Паводле інфармацыі Арганізацыі Бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, менавіта гэтак ён і зрабіў падчас парлямэнцкіх выбараў летась, а таксама падчас рэфэрэндуму 1996 году, калі ён пашырыў сваю ўладу.

Нават у той час, калі былы сэрбскі лідэр Слабадан Мілошавіч чакае суду ў Міжнародным трыбунале ў Гаазе, Лукашэнка адкрыта працягвае выкарыстоўваць тую самую тактыку фальсыфікацыі і беспакаранага ўжыцьця сілы. Ягоныя злачынствы (забойства былога віцэ-прэм’ера, былога міністра ўнутраных справаў, вядомага журналіста) аўтаматычна ўключаюць яго ў невялікі клюб забойцаў-кіраўнікоў краінаў. Ягоны 10-мільённны народ, які знаходзіцца паміж Польшчай, краінай-сябрам НАТО, і Расеяй, напэўна, самы несвабодны ў Эўропе.

Тое, што падобныя ўмовы могуць існаваць 12 гадоў пасляпадзеньня Бэрлінскага муру, можна растлумачыць хіба пазыцыяй першага і адзінага пакравіцеля Беларусі – Расеі.

Захад ня мае вялікага ўплыву на Лукашэнку. Ён хваліцца сваёй апазыцыяй да НАТО і іншых эўрапэйскіх інстытутаў. Аднак прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін мог бы лёгка спыніць яго.

Пуцін, аднак, спакойна церпіць злачынствы Лукашэнкі і згаджаецца з ягонымі плянамі пераабраньня.

Магчыма, Пуцін мяркуе, што адхіленьне Лукашэнкі можа быць занадта цяжкім і шкодным для ягонага ўраду. Аднак верагоднай зьяўляецца іншая магчымасьць. Пуцін згаджаецца з мэтамі Лукашэнкі і не пераймаецца сродкамі, якія ён выкарыстоўвае дзеля іх ажыцьцяўленьня, - піша амэрыканская газэта Washington Post.
XS
SM
MD
LG