Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕ СЯБРЫ ПЯЦЁРКІ САБРАЛІ ПА 100 000 ПОДПІСАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле інфармацыі, што паступае з выбарчых штабоў, днямі спадары Чыгір, Казлоўскі, Калякін і Марыніч пераадолелі мяжу 100 000 подпісаў. Як вядома, раней пра гэта ўжо заяўлялі перадвыбарчыя штабы Сямёна Домаша, Уладзімера Ганчарыка, а таксама Леаніда Сініцына, Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі.

Такім чынам, ужо 9 прэтэндэнтаў гатовыя перадаць свае подпісы на рэгістрацыю ў выбарчыя камісіі. Як паведамілі нашаму радыё ў штабах прэтэндэнтаў ад пяцёркі, цяпер гэтыя подпісы актыўна правяраюцца і праводзіцца адпаведны адбор подпісаў.

У некаторых рэгіёнах Беларусі ўлады актыўна перашкаджаюць зьбіральнікам подпісаў. Так, днямі ў Слоніме затрымалі кіраўніка мясцовай групы Сямёна Домаша Алеся Масюка. Міліцыянты канфіскавалі ў спадара Масюка падпісныя лісты й 4 пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы. Сёньня кіраўніка слонімскай ініцыятыўнай групы выклікалі ў міліцыю для далейшага разьбіральніцтва.

А ўчора паставы міліцыянт адмовіўся прапусьціць у будынак адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні актывіста ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Зьмітра Какарэку, які хацеў зарэгістраваць у дзяржаўным органе падпісныя лісты. Міліцыянту не спадабалася, што спадар Какарэка ў 35-градусную сьпякоту прыйшоў у будынак адміністрацыі ў шортах.

А супраць актывістаў ініцыятыўных групаў Міхаіла Чыгіра за некалькі мінулых дзён арганізавалі дзьве правакацыі. У Слуцку некалькі разьюшаных пэнсіянэрак- прыхільніц Аляксандра Лукашэнкі закідалі камянямі Зінаіду Цімошык, якая зьбірала подпісы за Міхаіла Чыгіра. Міліцыянты, што прыехалі на месца здарэньня, затрымалі спадарыню Цімошык нібыта за парушэньне грамадзкага парадку. Зінаіда Цімошык зьвярнулася ў міліцыю з заявай, у якой патрабуе прыцягнуць нападніц да крымінальнай адказнасьці.

А гомельскі рэгіянальны штаб Чыгіра нікіраваў у Цэнтарвыбаркам і абласную выбарчую камісію заяву, у якой гаворыцца, што невядомыя асобы, якія ня маюць пасьведчаньняў сяброў ініцыятыўнай групы, спрабавалі зьбіраць подпісы за іхнага кандыдата.

Маніторынг парушэньня ўладамі заканадаўства ў часе збору подпісаў праводзіць Беларускі Гельсынскі камітэт. Гаворыць выканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак:

(Гулак: ) "Людзі вымушаныя ставіць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі з-за таго, што залежаць ад таго майстра ці начальніка цэха, што да іх прыйшоў, ці загадчыка крамы. Па ўсіх фактах, якія мы можам нейкім чынам падцьвердзіць, мы зьвяртаемся і ў пракуратуру, і ў Цэнтарвыбаркам, і ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, дзеля таго, каб гэтыя факты былі правераныя".

Паводле словаў спадара Гулака, улады пакуль ніяк не адрэагавалі на факты парушэньня закону з боку актывістаў ініцыятыўных групаў Аляксандра Лукашэнкі.

Затое сябрам БГК удалося даказаць незаконнасьць вылучэньня аднаго з прадстаўнікоў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў Воршы. Пракурор Аршанскага раёну, які праводзіў праверку ў справе вылучэньня сябра камісіі ад мясцовага ПТВ №166, зафіксаваў шматлікія парушэньні закону і накіраваў мясцовым уладам адпаведны пратэст.

XS
SM
MD
LG