Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЗНАЧЫЦЬ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА ЎЖО ПРАПАНАВАНА ЛЁСАВАНЬНЕМ. ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ АБЯЦАЕ, ШТО 20-ГА ЛІПЕНЯ БЕЛАРУСЫ ЎВЕДАЮЦЬ, ХТО АДЗІНЫ КАНДЫДАТ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нарада лідэраў апазыцыйных сілаў была скліканая паводле ініцыятывы аргкамітэту кааліцыйнага руху "За новую Беларусь" і ягонага старшыні Васіля Лявонава. Яшчэ ў мінулую суботу ў газэце "Народная воля" быў апублікаваны зварот гэтага аргкамітэту, у якім адзначалася, што перамога на выбарах 9 верасьня патрабуе ад дэмакратаў згуртаванасьці й адзінства. Арганізатары сёньняшняй нарады лічаць, што перамога магчымая толькі ў выпадку вылучэньня адзінага кандыдата, і ўжо даўно настаў час назваць выбарцам ягонае імя.

На сёньняшнюю нараду запрасілі спадароў Домаша, Ганчарыка, Чыгіра, Казлоўскага, Калякіна, лідэраў буйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Нарада мусіла вырашыць адзінае пытаньне — хто з гэтай пяцёркі стане адзіным кандыдатам.

Але ніхто з прэтэндэнтаў на нараду не прыйшоў — даслалі толькі сваіх прадстаўнікоў. Многія лідэры партыяў былі гатовыя выпрацаваць працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата ўжо сёньня. Так, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка заклікаў калегаў правесьці лёсаваньне, і, маўляў, на каго з прэтэндэнтаў Бог пакажа, той і будзе адзіным кандыдатам. Станіслаў Шушкевіч прапаноўваў кожнаму напісаць імя адзінага кандыдата на паперцы і той, хто набярэ больш галасоў, стане адзіным.

Але пасьля працяглых дэбатаў вырашылі даць пяцёрцы час да 19 ліпеня самім вырашыць праблему адзінага кандыдата. Калі ж гэтага не адбудзецца, то ў той жа дзень, 19 ліпеня, зьбярэцца калегія выбарцаў і сама вызначыць імя. Праўда, паводле якіх прынцыпаў будзе сфармаваная калегія і хто ўвойдзе ў яе склад, невядома.

Старшыня аргкамітэту руху "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што склад калегіі будзе вызначаны 19 ліпеня. Паводле Лявонава, ужо 20 ліпеня раніцай выбарцы даведаюцца імя адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

XS
SM
MD
LG