Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ЧЫГІР ПРАПАНАВАЎ ЗЬВЯРНУЦЦА ДА ПУЦІНА І КУЧМЫ З ПРАПАНОВАЙ НЕ ПРЫЯЖДЖАЦЬ НА "СЛАВЯНСКІ БАЗАР"


Валер Каліноўскі, Менск


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што апазыцыйныя кандыдаты здалі вельмі мала подпісаў у сваю падтрымку — у прыватнасьці, за Сямёна Домаша здалі нібыта толькі 11 тысячаў. Напраўду ніякіх подпісаў ініцыятыўная група спадара Домаша яшчэ не здавала. З нагоды гэтай мітычнай лічбы ініцыятыўная група падала абвяржэньне.

Гаворыць кіраўнік ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Сёньня ў мяне адбылася размова з сакратаром ЦВК спадаром Лазавіком, і ён сказаў, што гэта памылка. Яны зрабілі запыты ў абласныя выбарчыя камісіі аб тым, колькі подпісаў ужо здадзена. Тыя далі гэтыя лічбы, і зь іх вынікала, што ініцыятыўная група Домаша здала 11 тысячаў. Але як ён мне паведаміў, гэта была памылка тэрытарыяльных камісіяў, бо яны не зразумелі пытаньня, якое перад імі ставіў ЦВК. Яны далі інфармацыю аб тых подпісах, якія завяраліся старшынямі выканкамаў. Некаторыя старшыні фіксавалі ў сябе, колькі подпісаў за якога кандыдата яны заверылі, і яны далі гэтыя лічбы, іншыя старшыні ж не падлічвалі колькасьць подпісаў, якія яны заверылі, і таму ў нас, паводле словаў Лазавіка, атрымалася 11 тысяч".

Яўген Лабановіч паведаміў, што здаваць подпісы ў выбарчыя камісіі яны будуць толькі з 18 па 20 ліпеня. Мікалай Лазавік абяцаў дэзавуяваць свае папярэднія выказваньні. Гэтая непаразуменьне сьведчыць, што выканаўчыя структуры й тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі пакуль што працуюць нязладжана, — лічыць Яўген Лабановіч.

Ініцыятыўныя групы Домаша і Ганчарыка сабралі ўжо значна больш подпісаў, чым неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў. Сёньня пра пераадоленьне 100-тысячнай мяжы паведаміў і Міхаіл Чыгір. Экс-прэм'ер вырашыў прапанаваць сваім калегам па пяцёрцы напісаць зварот да Ўладзімера Пуціна і Леаніда Кучмы з прапановай не прыяжджаць 25 ліпеня на "Славянскі базар" у Віцебску на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі, што будзе фактычна ягонай падтрымкі:

(Чыгір: ) "У той час, калі рыхтуецца фальсыфікацыя выбараў, калі да працы ў выбарчых камісіях не дапушчаныя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, я лічу, што кіраўнікі суседніх краінаў не павінны сюды прыяжджаць. Таму што як бы мы ні казалі, гэта ў нейкай частцы будзе ўплываць на вынікі выбараў".

Наступная сустрэча пяцёркі чакаецца ў панядзелак. Тым часам Павал Казлоўскі сёньня вярнуўся з Масквы, вынікамі сваіх кансультацыяў ён задаволены:

(Казлоўскі: ) "Там добрыя сустрэчы былі зь людзьмі з адміністрацыі прэзыдэнта, расейскай Думы, людзьмі зь бізнэсу, якія вельмі хацелі б, каб у Беларусі памянялася абстаноўка, і яны маглі б свае інвэстыцыі ўкласьці ў нашую эканоміку, але яны лічаць, што павінна быць новая каманда, што іх інвэстыцыі павінны мець гарантыі праз законы".

Павал Казлоўскі адмовіўся назваць канкрэтныя прозьвішчы ягоных суразмоўцаў, зазначыўшы, што ініцыятыва гэтых сустрэчаў зыходзіла з Масквы. Генэрал Казлоўскі паведаміў сёньня, што ён таксама ўжо пераадолеў 100-тысячную мяжу ў зборы подпісаў:

(Казлоўскі: ) "Вельмі вялікі страх сярод людзей, праблема ў тым, што многія адмаўляюцца, скажам, ставіць свой подпіс. Вялікая праца, як ім даказаць, што сёньня ўжо гэты чалавек ня можа быць лідэрам нашай дзяржавы і што ня трэба баяцца — гэта законная кампанія".

Такім чынам, на гэты момант з антылукашэнкаўскай пяцёркі 100 тысяч подпісаў не сабрала толькі ініцыятыўная група Сяргея Калякіна — яны сабралі 82 тысячы, і кіраўнік ініцыятыўнай групы Валеры Ўхлалёў мяркуе, што за тыдзень, які застаўся да канца кампаніі, патрэбная лічба будзе.
XS
SM
MD
LG