Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПІНСКУ ГАРАДЗКІЯ ЧЫНОЎНІКІ ЗАХАПІЛІ АБАВЯЗКІ АКРУГОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Пра гэта нам заявіў сёньня старшыня Пінскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) "Выбарамі ў Пінску займаецца не тэрытарыяльная камісія, як гэта павінна быць па законе, а нейкі выбарчы штаб, які ўзначальвае старшыня пінскага гарвыканкаму Шуст. Ягонымі намесьнікамі зьяўляюцца намесьнікі старшыні гарвыканкаму Федаровіч і Канеўскі. Калі зьвярнуліся да старшыні камісіі Лемяшэўскага ды папрасілі, каб ён паказаў пратаколы вылучэньня людзей ва ўчастковыя камісіі, ён заявіў "Я нічога ня ведаю, усім займаецца штаб".

І яшчэ адзін факт, які стаў вядомы Пінскаму аддзяленьню БГК. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Канеўскі выклікае да сябе дырэктароў прадпрыемстваў і загадвае, каб яны самі, а таксама працаўнікі іхных прадпрыемстваў прагаласавалі 8 верасьня. І пры гэтым каб дырэктары паглядзелі, што людзі прагаласавалі за Лукашэнку".

Яшчэ некалькі апошніх падзеяў у справе збору подпісаў.

Паводле словаў сяброў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка, учора ў часе засьведчаньня сабраных подпісаў намесьнікі старшыні пінскага гарвыканкаму Аляксандар Канеўскі ды Ўладзімер Федаровіч папракалі зьбіральнікаў подпісаў за тое, што яны, нягледзячы на тое, што атрымалі ў свой час дзяржаўныя кватэры, цяпер быццам бы ідуць супраць Лукашэнкі.

Чыноўнікі ў прысутнасьці актывістаў дэманстратыўна праглядалі подпісы, прыгаворваючы нешта кшталту "а гэты чаму падпісаўся, незразумела, чаго яму не хапае" ды запісвалі, колькі подпісаў за кожнага кандыдата назьбіраў той ці іншы актывіст.

А тым часам, паводле нашай інфармацыі, на некаторых прадпрыемствах і ва ўстановах гораду сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі бесьперашкодна зьбіраюць подпісы ў працоўны час. Такі выпадак быў зафіксаваны напярэдадні на заводзе "Камэртон".

І яшчэ некалькі падзеяў, якія можна зьвязаць з выбарамі.

Настаўнікі зь пінскай філіі Свабодных прафсаюзаў пасьля шэрагу скаргаў у дзяржаўныя інстанцыі дамагліся таго, што Берасьцейскі аблвыканкам загадаў Пінскаму гарвыканкаму зрабіць наступнае: "выключыць практыку давядзеньня заданьняў па нарыхтоўцы кармоў адукацыйным установам, а таксама практыку прыцягненьня пэдагагічных работнікаў да выкананьня неўласьцівых ім функцыяў". Іншымі словамі, пінскія настаўнікі касіць сена ня будуць.

Лідэр настаўніцкіх прафсаюзаў Рыгор Бурван у размове з карэспандэнтам нашага радыё зьвязаў гэткае рашэньне вэртыкалі з жаданьнем уладаў напярэдадні выбараў падвысіць свой аўтарытэт сярод настаўнікаў. Спадар Бурван паведаміў таксама, што ў некаторых настаўнікаў, якія яшчэ раней адмовіліся касіць сена, замест гэтага сабралі па 5 тысячаў рублёў і цяпер ёсьць праблемы зь вяртаньнем гэтых грошай.

А днямі распачаўся шалёны ўціск з боку гарвыканкаму на фірмы і ўстановы, якія рэклямуюць сваю дзейнасьць у новай незалежнай пінскай газэце "Правінцыялка". Як нам паведамілі ў рэдакцыі, намесьнік старшыні пінскага гарвыканкаму Аляксандар Канеўскі, якога мы ўжо сёньня згадвалі, асабіста тэлефануе ды езьдзіць да рэклямадаўцаў і загадвае не падтрымліваць "Правінцыялку", інакш яны будуць мець сур'ёзныя праблемы. Пры гэтым спадар Канеўскі запэўнівае, што газэта хутка выходзіць ўсё роўна ня будзе.

Варта адзначыць, што акрамя шматлікіх крытычных матэрыялаў на адрас мясцовай вэртыкалі, "Правінцыялка" апошнім часам актыўна зьмяшчае на сваіх старонках інфармацыю пра незалежных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі ды пра парушэньні ў Пінску выбарчага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG