Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАНЧАРЫК І ДОМАШ САБРАЛІ ПА 100 000 ПОДПІСАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск


Кіраўніца перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова паведаміла, што 100 000 подпісаў актывісты ініцыятыўнай групы сабралі яшчэ ў пятніцу. Тым ня менш, яны працягваюць збор подпісаў. Паводле спадарыні Палевіковай, у Цэнтарвыбаркам яны плянуюць перадаць ня менш як 120 000 дасканала правераных подпісаў.

Актывістаў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка не пускаюць на прадпрыемствы і ў дзяржаўныя ўстановы. У той жа час адміністрацыя гэтых установаў прымушае сваіх супрацоўнікаў падпісвацца за Аляксандра Лукашэнку.

Перадвыбарчыя штабы спадароў Ганчарыка, Чыгіра й Казлоўскага зафіксавалі шмат такіх выпадкаў і сёньня выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць, каб Цэнтарвыбаркам разабраўся ў гэтых сытуацыях. Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Ёсьць маса ўсялякіх парушэньняў, што дапускаюцца пры зборы подпісаў за Аляксандра Рыгоравіча. Гэта разнарадкі, гэта ў рабочы час зьбіраюць і гэтак далей. Гэта трэба было агучыць, каб ведаў Цэнтарвыбаркам. Яны павінны ведаць, што ёсьць такія парушэньні".

У перадвыбарчым штабе Міхаіла Чыгіра нашаму радыё паведамілі, што ўжо сабралі каля 80 000 подпісаў. Супрацоўнікі штабу ўпэўненыя, што да 20 ліпеня дасягнуць неабходнай лічбы.

Таксама не сумняваецца ў посьпеху ініцыятыўная група Паўла Казлоўскага, але называць лічбу сабраных подпісаў катэгарычна адмовіліся.

Не называе лічбы й кіраўнік штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў. На ягоную думку, 100 000 подпісаў яны абавязкова зьбяруць, нягледзячы на перашкоды ўладаў. Паводле спадара Папкова, чыноўнікі выканкамаў адмаўляюцца рэгістраваць падпісныя лісты, калі ў іх ёсьць подпісы асобаў, прапісаных у іншых раёнах. Хаця паводле заканадаўства, выканкам павінен рэгістраваць усе подпісы, сабраныя на тэрыторыі гэтага раёну.

Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Яўгена Лабановіча, некаторыя выканкамы ня хочуць рэгістраваць і іхныя падпісныя лісты, ці ставяць на лістах ня гербавыя пячаткі, а звычайныя, што ёсьць парушэньнем закону.

Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Па рэгіёнах колькі я езьдзіў — людзі ўсе заяўляюць, што ідуць пагрозы. Асабліва тым, хто працуе ў структурах уладных, каб яны не займаліся зборам іншых подпісаў, акрамя як у падтрымку Лукашэнкі".

Тым ня менш актывісты штабу Домаша ўжо сабралі больш за 100 000 подпісаў у ягоную падтрымку.

А вось што сказаў у інтэрвію нашаму радыё яшчэ адзін прэтэндэнт Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Шалёны ціск, не абмежаваны нічым, ніякім здаровым сэнсам. Патрабуюць у людзей, асабліва якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасьці, каб неадкладна выйшлі са складу ініцыятыўнай групы, каб не зьбіралі подпісы. Асабліва ў Менскай вобласьці".

Аднак у падтрымку Аляксандра Ярашуку ўжо сабралі больш за 60 000 подпісаў.

Прыкладна столькі ж подпісаў сабралі ў падтрымку Сяргея Антончыка, а за лідэра ПКБ Сяргея Калякіна — каля 70 000.
XS
SM
MD
LG