Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ У ПРЭЗЫДЭНТЫ ЦЯРЭШЧАНКА ПАЗБАВІЎСЯ ПАМЯШКАНЬНЯ ПАД СВАЮ ФІРМУ


Уладзімер Глод, Менск


Сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства, якім ёсьць Міжнародны інстытут мэнэджмэнту, ужо 8 гадоў арэндуе нежылое памяшканьне ў будынку па вуліцы Карла Маркса ў Менску. Уладальнік плошчаў — камунальная служба Ленінскага раёну сталіцы. Камунальнікі пацьвярджаюць, што навучальная ўстанова своечасова разьлічвалася за арэнду.

І раптам інстытуту прапанавалі тэрмінова вызваліць усе памяшканьні. Генэральны дырэктар навучальнай установы, адзін з магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка лічыць, што такія захады зусім не выпадковыя. Гаворыць спадар Цярэшчанка:

(Цярэшчанка: ) "Памяшканьне па вуліцы Карла Маркса ў Менску Міжнародны інстытут мэнэджмэнту арандуе з 1993 году. За гэты час паміж выканаўчымі ўладамі ды інстытутам ніколі не было ніякіх непаразуменьняў. Ціск уладаў на інстытут я лічу праявай ціску на мяне як патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты.

Нас хочуць выселіць ужо ва аўторак, 10 ліпеня. Усё робіцца вельмі пасьпешліва. Вельмі пасьпешліва! І, як мы адчуваем, па камандзе вельмі высокіх асобаў".

У пастанове Менскага гаспадарчага суду гаворыцца пра тое, што, калі інстытут не вызваліць памяшканьне, якое ён займае, дык 10 ліпеня выселяць прымусова.

Віктар Цярэшчанка таксама зазначыў, што паведаміў пра нечаканыя падзеі ў амбасаду Нямеччыны ў Беларусі. Ён сказаў, што, нягледзячы на перашкоды, ягоная каманда хоча прайсьці ўвесь выбарчы шлях.

Кіраўнік інстытуту паведаміў, што ён накіраваў адмысловы ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі. Але ніякага адказу на свой зварот пакуль не атрымаў
XS
SM
MD
LG