Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЯСА ДЛЯ ПЕРАДВЫБАРЧАЙ БАРАЦЬБЫ?


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Як вядома, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў падвысіць месячны заробак да 100 даляраў. А ў Магілёўскай вобласьці не зьмяншаецца нават запазычанасьць па выплаце заробкаў. На 1 чэрвеня запазычанасьць па заробках склала 1 мільярд 800 мільёнаў беларускіх рублёў, дзьве траціны яе прыходзіцца на сельскую гаспадарку.

Ранейшыя спробы кіраўнікоў абласной вэртыкалі вырашыць прабему былі бясплённыя. Намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Лубко паведаміў, што пры канцы чэрвеня калгасьнікі й рабочыя саўгасаў яшчэ не атрымалі 750 мільёнаў беларускіх рублёў. Ён мяркуе, што ў такой сытуацыі вінаватая перапрацоўчая прамысловасьць, якая ня можа своечасова расплаціцца за сыравіну.

Між тым вяскоўцы, якіх масава запісваюць у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі, усё часьцей адкрыта выказваюць незадаволенасьць. Яны ня бачаць ня тое што абяцаных 100 даляраў, але і сваіх заробкаў за травень і чэрвень.

Але адмаўляцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе Лукашэнкі лічыцца неабачлівым учынкам. Намесьнікі кіраўнікоў гаспадарак па ідэалёгіі патрабуюць, каб на Магілёўшчыне сабралі больш за 100 тысячаў подпісаў за Лукашэнку. А як можна іх зьбіраць, калі няма за што купіць есьці?

Каб выправіць становішча, кіраўнікі вэртыкалі запатрабавалі ад старшыняў райвыканкамаў забясьпечыць масавую здачу жывёлы на мясакамбінаты. Гэтыя грошы мяркуюць накіраваць на выплату заробкаў. Найперш гэтае распараджэньне тычыцца кіраўнікоў занядбаных сельскіх гаспадарак, якія маюць найбольшую запазычанасьць па заробках.

Так, напрыканцы гэтага тыдня старшыня Магілёўскага райвыканкаму Аляксандар Разганаў выклікаў да сябе кіраўнікоў сямі такіх гаспадарак і загадаў вырашыць пытаньне з запазычанасьцямі да канца ліпеня.

Старшыні магілёўскіх калгасаў, зь якімі я паразмаўляў, адкрыта абураліся. Вядома, што сёлета колькасьць буйной рагатай жывёлы ў вобласьці зьменшылася. Корманарыхтоўчая кампанія — якраз тая магчымасьць, якая магла б палепшыць прадукцыйнасьць жывёлагадоўлі.

Аднак выконваць распараджэньне ім давядзецца. Кіраўнікоў гаспадарак папярэдзілі, што калі запазычанасьць па заробках ня будзе ліквідаваная да 1 жніўня, іхнымі пэрсанальнымі справамі зоймецца мясцовы Камітэт дзяржкантроля.
XS
SM
MD
LG