Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК АНУЛЯВАЎ РЭГІСТРАЦЫЮ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ НАТАЛЬЛІ МАШЭРАВАЙ


Валер Каліноўскі, Менск


Цэнтарвыбаркам сёньня аднагалосна задаволіў зварот Натальлі Машэравай і ануляваў ейную заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Сябры ЦВК не атрымалі ніякіх тлумачэньняў наконт прычынаў гэтага рашэньня і нават не змаглі зь ёй пагаварыць. Сапраўднасьць заявы пацьвердзілі ейны муж Уладзімер Пятроў ды кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэй Хмяльніцкі. Сама Машэрава на паседжаньне Цэнтарвыбаркаму не зьявілася.

Андрэй Хмяльніцкі ня ведае матываў рашэньня Машэравай, але яўна расчараваны ім. За Машэраву, паводле ягоных словаў, ужо сабралі каля 50 тысячаў подпісаў. Адной з праблемаў, якая магла падштурхнуць Машэраву да гэткага кроку, паводле Хмяльніцкага, была пагроза звальненьня дачкі Машэравай зь Белаграпрамбанку.

(Хмяльніцкі: ) "Праблема ў тым, што дачка ўваходзіць у ініцыятыўную групу, і прэтэнзія да яе заключалася ў тым, што яна зьбірала подпісы ў працоўны час…

Я ўспрыняў гэтае рашэньне вельмі нэгатыўна, бо я не магу зразумець прычынаў, чаму Натальля Машэрава зьняла сваю кандыдатуру, паколькі збор подпісаў ішоў пасьпяхова і ніякіх прыкметаў таго, што яна зьбіраецца здымаць кандыдатуру, не было", — паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Натальлі Машэравай Андрэй Хмяльніцкі.

Сама Машэрава цяпер у Менску, і ў інтэрвію БелаПАН яна зазначыла, што адмовілася ад удзелу ў кампаніі, паколькі дзейнае заканадаўства перашкаджае правядзеньню сумленных выбараў і што яна не зьбіраецца сыходзіць з палітыкі.

Я патэлефанаваў на кватэру Машэравых. Да тэлефону падышоў ейны муж Уладзімер Пятроў:

(Пятроў: ) "Вы яе цяпер ня знойдзеце, ды не марнуйце проста часу, няма яе цяпер. Ужо яе таксама крыху пашкадаваць трэба, дастаткова няпроста ёй даводзілася гэтыя два тыдні".

Наконт звальненьня дачкі Ўладзімер Пятроў сказаў:

(Пятроў: ) "Дачку? Я думаю, яе цяпер да канца жыцьця ня звольняць. І будуць прасіць, каб яна засталася".

Пры гэтым можна было пачуць, як засьмяялася сама Натальля Машэрава.

(Пятроў: ) " Яна нікуды ў цень сыходзіць ня будзе, так што калі хто мае надзею, то няхай не спадзяецца. І калі хтосьці думае, што яна зьменіць сваю пазыцыю, то я мяркую, што на гэта таксама разьлічваць не даводзіцца", — сказаў муж Натальлі Машэравай Уладзімер.

Памочніца Машэравай Надзея Лось паведаміла Свабодзе, што да прыняцьця гэтага рашэньня яна была ў ад’ездзе. Яна прызнала, што ў Машэравай сапраўды былі праблемы, але якія — не ўдакладніла.

(Лось: ) "Канешне, мы гаварылі і абмяркоўвалі, і шмат пытаньняў тут, шмат…" — паведаміла Надзея Лось.

Нягледзячы на адсутнасьць заяваў самой Машэравай, яе былыя канкурэнты ў прэзыдэнцкай гонцы ўпэўненыя, што на яе і на ейную сям’ю быў ціск з боку ўладаў. Гаворыць Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Я думаю, што гэта ўлады патрабавалі ад яе сыходу з дыстанцыі, таму што многія з электарату Лукашэнкі яўна перайшлі б на бок Машэравай, і гэта вядома Лукашэнку. Я думаю, што вы таксама чулі, што ён сказаў па тэлебачаньні на адрас Машэравай. Я ведаю, што ёсьць праблемы ў яе з маці, якая была вельмі супраць. Таму, што ёй заставалася: ісьці на барацьбу, якая невядома чым закончыцца, ці сысьці ў бок. Прыняла рашэньне жанчына сысьці ў бок".

Міхаіл Чыгір лічыць, што Машэрава зрабіла гэты крок зь ведама тых маскоўскіх колаў, якія яе падтрымлівалі. Як паўплывае гэты крок Машэравай на далейшую перадвыбарчую барацьбу? Вось меркаваньне Паўла Казлоўскага:

(Казлоўскі: ) "А ніяк. Ёсьць іншыя левыя кандыдаты, Калякін і другія. Я ня думаю, што гэта будзе мець нейкі ўплыў. Можа, і добра было б, каб Машэрава была — яна адцягнула б шмат галасоў ад Лукашэнкі, я згодны. Гэта было б добра. Але тут ёсьць і нейкія пытаньні".

Павал Казлоўскі мяркуе, што ў гэтай сытуацыі на Машэраву паўплывалі найперш ейныя сваякі. Алена Скрыган, якая працуе ў камандзе іншага левага кандыдата Сяргея Калякіна, лічыць, што пэўныя пэрспэктывы на левым электаральным полі ў Машэравай былі, таму яе і прымусілі зьняць кандыдатуру:

(Скрыган: ) "Тое, што сказаў Аляксандар Лукашэнка аб тым, што нанесены яму ўдар, што ён многа вельмі зрабіў для гэтай сям'і... І сама Натальля Пятроўна (я не хачу за яе гаварыць, гэта толькі мая вэрсія), і яе сям'я адчулі, што гэта толькі першая спроба, а далей будзе яшчэ горш.

Я ня думаю, што гэта так паўплывае на тых, хто выступае за Машэраву, што яны прагаласуюць цяпер за Лукашэнку. Я думаю, што гэтыя людзі будуць больш уважліва прыглядацца да таго, што адбываецца ў краіне і будуць шукаць іншых кандыдатаў, за якіх яны змогуць аддаць свае галасы".

Такім чынам, усе суразмоўцы лічаць, што сыход Машэравай з барацьбы ня быў добраахвотным.
XS
SM
MD
LG