Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ ЗЬБІРАЛЬНІКАЎ ПОДПІСАЎ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ


Алег Супрунюк, Берасьце

Найбольш адметныя парушэньні заканадаўства, датычныя ўмяшальніцтва чыноўнікаў у выбарчы працэс, фіксуе на Берасьцейшчыне ініцыятыўная група Сямёна Домаша. У першую чаргу гэта зьвязана з затрыманьнямі сябраў групы падчас збору подпісаў. Пра тое, як успрымаюць гэтыя затрыманьні жыхары невялікіх мястэчак, гаворыць каардынатар ініцыятыўнай групы ў Драгічыне Кастусь Мысьлявец:

(Мысьлявец: ) “Наш сябра Пракопчык стаяў са звычайным плякатам на гарадзкім рынку. Тры дні стаяў і тры дні яго забіралі. Дзясяткі людзей гэта бачылі. Яго запіхвалі ў машыну, адвозілі, праз некаторы час ён вяртаўся, але ў такім маленькім гарадку гэта вельмі хутка распаўсюджвалася, і нам гэта шкодзіць, бо людзі баяцца, менш падпісваюцца. Людзі кажуць, што мы галасаваць за Лукашэнку ня будзем, але падпісваць баімся”.

У Драгічынскім раёне ёсьць і іншыя прыклады таго, як мясцовыя ўлады наўмысна перашкаджаюць працэсу збору подпісаў. Намесьнік старшыні райвыканкаму Карповіч насуперак патрабаваньням выбарчага заканадаўства засьведчыў падпісныя лісты пячаткай кіраўніцтва гарадзкой гаспадаркі, што не прадугледжанае правіламі. У выніку 169 подпісаў могуць быць прызнаныя несапраўднымі.

Зь іншых раёнаў Берасьцейшчыны паведамляюць, што тым, хто зьбірае подпісы, абяцаюць непрыемнасьці на працы, калі яны не адмовяцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Такія факты ўжо зафіксаваныя ў Івацэвіцкім раёне. У некаторых вёсках Бярозаўскага раёну пасьля арганізаванага ўладамі збору подпісаў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, у жыхароў адбіралі пашпарты, што не дазваляла ім пакінуць свой подпіс за вылучэньне іншых кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду.

У ініцыятыўных групах дэмакратычных кандыдатаў лічаць, што нягледзячы на ціск і запалохваньне выбаршчыкаў, кампанія збору подпісаў на Берасьцейшчыне ідзе актыўна.
XS
SM
MD
LG