Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК ІДЗЕ ЗБОР ПОДПІСАЎ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ?


Сяргей Астраўцоў, Горадня

За Сямёна Домаша у вобласьці сабралі 9 000 подпісаў. Ягоная ініцыятыўная група пастаянна сутыкаецца з рознымі перашкодамі.

Напрыклад, у Сьвіслачы — яна паўгода таму стала горадам, аднак прапіска ў пашпартах пазначаная па-ранейшаму: гарадзкі пасёлак Сьвіслач, скарочана — г.п. Старшыня райвыканкаму Анатоль Кузьма вырашыў закрэсьліваць у падпісных лістах літару "п". Маўляў, не гарадзкі пасёлак, а горад. З-за гэтага лісты зрабіліся несапраўднымі. Усё наладзілася пасьля звароту людзей Сямёна Домаша ў мясцовую пракуратуру і ў выбарчую камісію. Аднак сапсаваныя старшынём выканкаму лісты давядзецца перарабляць, зноў хадзіць па кватэрах.

Па словах Анатоля Іванчыка, кіраўніка абласной арганізацыі Партыі камуністаў беларускай, збор подпісаў ідзе цяжка. Праўда, ён удакладняе, што гэта датычыць сяброў партыі. Яны сабралі 2 500 подпісаў за кіраўніка ПКБ Сяргея Калякіна. Аднак у кампаніі ўдзельнічае і беспартыйная моладзь. Агульная колькасьць подпісаў — 12 000. Гаворыць Анатоль Іванчык:

(Іванчык: ) "Я ня ведаю, чым закончыцца гэтае зрушэньне ў пяцёрцы. Будзе адзіны кандыдат, ці ня будзе... Схіляюся да думкі, што павінен быць адзіны кандыдат. Рэч у тым, што трэба зьмяняць гэтае жыцьцё. Далей так жыць нельга".

Анатоль Іванчык таксама паведаміў, што нечаканым для зьбіральнікаў подпісаў стала наступнае. Пажылыя людзі лічаць Лукашэнку камуністам. Ім незразумела, як на прэзыдэнцкую пасаду можа прэтэндаваць тады яшчэ адзін камуніст — Калякін.

Зборам подпісаў за Ўладзімера Ганчарыка кіруе былы афіцэр Ігар Квачэнка. Ён узначальвае абласны Фонд сацыяльнай абароны былых вайскоўцаў. Ігар Квачэнка мне паведаміў, што па вобласьці за Ганчарыка сабралі ад 6 да 7 тысяч подпісаў. Іхным зборам займаюцца 380 чалавек. Дарэчы, спадар Квачэнка аказвае актыўную дапамогу ініцыятыўнай групе Паўла Казлоўскага.

А група Міхаіла Чыгіра фактычна аб'ядналася з групай Валер'я Леванеўскага. Пра гэта мне паведаміў сам спадар Леванеўскі, які жыве ў Горадні. Па ягоных словах, у горадзе за былога прэм'ера зьбіраюць подпісы чалавек 40 і ўсяго некалькі зьбіральнікаў па вобласьці. Іхны вынік — 1 500–2 000 подпісаў.
XS
SM
MD
LG