Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАНСУЛЬТАЦЫЙНАЯ РАДА АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ ПЕРАДАСЬЦЬ АНАЛІЗ ЛУКАШЭНКАВАГА ДЭКРЭТУ №20 У ПАРЛЯМЭНЦКУЮ АСАМБЛЕЮ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Усе ўдзельнікі паседжаньня казалі пра тое, што нельга мяняць правілы гульні, калі гэтая гульня (маюцца на ўвазе выбары) ужо пачалася.

Зьвярталі ўвагу і на тое, што Лукашэнка чарговы раз хлусіць, паколькі ўсе прапановы аб паляпшэньні выбарчага заканадаўства, якія зыходзілі ад апазыцыі яшчэ два месяцы таму, ён адхіляў — і спасылаўся менавіта на тое, што выбарчы працэс ужо пачаўся.

Такім чынам, як адзначыла прадстаўніца жаночай партыі "Надзея" Натальля Хрусталёва, Лукашэнка нахабна парушыў сваё слова.

Старшыня экспэртнай групы па заканадаўстве пры Кансультацыйнай радзе Міхаіл Пліска, які на паседжаньні прааналізаваў дэкрэт, у інтэрвію для Радыё Свабода адзначыў наступнае:

(Пліска: ) "Дэкрэт неапраўдана шырока вызначае кола людзей, якія павінны даваць зьвесткі пра сваю маёмасьць і даходы. У дэкрэце пералічаныя бабкі, сёстры і гэтак далей — людзі, якія ўвогуле могуць мець варожыя адносіны з чалавекам, які хоча стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Яны могуць зрабіць наўмысна нейкія памылкі ў гэтых паперах, якія кандыдат мусіць будзе здаць у Цэнтарвыбаркам. Гэта недапушчальна. Я лічу, што гэта робіцца наўмысна, каб павялічыць колькасьць тых памылак, якія зробіць кандыдат у прэзыдэнты".

У нядзелю, 1 ліпеня, Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў перадасьць дэталёвы аналіз дэкрэту №20 сябрам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уце Цапф зь Нямеччыны і Урбану Аліну з Швэцыі, якія выказалі жаданьне падчас свайго візыту ў Беларусь сустрэцца зь сябрамі Кансультацыйнай рады. Гэтак міжнародная супольнасьць атрымае яшчэ адзін доказ таго, у якіх незвычайных умовах беларускія ўлады хочуць правесьці выбары кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG