Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВІЦЕБСКУ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ ЗЬБІРАЛЬНІКАЎ ПОДПІСАЎ ЗА ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Учора ўвечары сяброў ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Рамана Салаўяна ды Пятра Сарапеню не пусьцілі зьбіраць подпісы ў студэнцкіх інтэрнатах мэдычнага ўнівэрсытэту. Выхавацелі заявілі, што яны мусяць спачатку параіцца з начальствам.

А ў суседнім шматкватэрным доме па праспэкце Фрунзэ спадароў Сарапеню ды Салаўяна чакаў міліцэйскі патруль, які выклікаў тутэйшы пільны пэнсіянэр. Дзеля праверкі дакумэнтаў іх павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, адтуль жа адпусьцілі толькі позна ўвечары.

Па гэтых фактах парушэньня выбарчага заканадаўства спадары Сарапеня ды Салаўян зьбіраюцца падаваць заяву ў пракуратуру.

Іншыя парушэньні заўважылі сябры ініцыятыўных групаў Уладзімера Ганчарыка ды Міхаіла Чыгіра. Яны сутыкнуліся з тым, што многія грамадзяне адмаўляюцца паставіць свой подпіс за двух або некалькіх патэнцыйых кандыдатаў. Пра немагчымасьць рабіць гэтак ім увесь час даводзяць зьбіральнікі подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

За вылучэньне ж Аляксандра Лукашэнкі іншы раз зьбіраюць подпісы асобы без адпаведных паўнамоцтваў ды пасьведчаньняў. Раённыя каардынатаркі назіраньня за выбарамі Тамара Юневіч ды Валянціна Піульская паведамілі, што кіраўнікі шэрагу віцебскіх прадпрыемстваў загадваюць сваім работнікам зьявіцца на працу з пашпартамі, каб тыя аддалі свой подпіс Лукашэнку. Гэтак пад пагрозай звальненьня робяць на тэлезаводзе "Віцязь", на аб'яднаньні "Кім", у анкалягічным ды ў 3-м абласным шпіталях.

Ёсьць зьвесткі, што подпісы за Лукашэнку загадалі зьбіраць нават членам тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, хаця яны пакуль у выбарчым працэсе не задзейнічаныя.

Раённыя каардынатары паведамілі таксама, што ў Віцебску выпрацавалі адмысловы сродак узьдзеяньня на пэнсіянэраў ды хатніх гаспадынь. Калі тыя паставяць свой подпіс за Аляксандра Лукашэнку, ім абяцаюць бясплатна адрамантаваць лядоўню ці тэлевізар.
XS
SM
MD
LG