Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЛЕНУМ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ НЯ ВЫЗНАЧЫЎСЯ, КАГО ПАДТРЫМЛІВАЦЬ – ГАНЧАРЫКА ЦІ ЯРАШУКА


Міхал Стэльмак, Менск


Прафсаюзны пленум пачаўся з абвесткі пра нечаканых гасьцей—прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі. Мін’юст напярэдадні папярэдзіў Фэдэрацыю пра незаконнасьць намеру прафсаюзаў браць удзел у выбарах. Аднак Уладзімер Ганчарык назваў гэта запалохваньнем і заклікаў разгледзець выбарчае пытаньне. Пленум ухваліў гэтую прапанову, паколькі, як вынікае з выступаў, пры Лукашэнку плённая прафсаюзная дзейнасьць немагчымая.

Прафсаюзныя лідэры прагаласавалі за перадвыбарчую плятформу Фэдэрацыі, паводле якой Беларусь мае патрэбу ў новай сацыяльна-эканамічнай палітыцы. Дыскусіі выклікала пытаньне пра прафсаюзнага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду. Як вядома, у ліку цяперашніх прэтэндэнтаў — Уладзімер Ганчарык і старшыня прафсаюзу аграпрымысловага комлексу Аляксандар Ярашук.

Рабочы барысаўскага заводу БАТЭ Мікалай Похабаў з трыбуны пленума заклікаў аднаго зь іх, а менавіта Аляксандра Ярашука, зьняць сваю кандыдатуру. Вось як ён патлумачыў гэта нашаму Радыё:

(Похабаў: ) “Наконт Ярашука я магу сказаць толькі адно. Калі мы вылучаем двух кандыдатаў ад адной арганізацыі, то гэта няправільна. Магчыма, я як рабочы, чагосьці не разумею. Але я не вітаю вылучэньня Ярашука ў гэтую выбарчую кампанію”.

Між тым, сам старшыня Фэдэрацыі заявіў удзельнікам прафсаюзнага форуму, што ён ня супраць палітычных плянаў лідэра аграрнага прафсаюзу. Гаворыць Уладзімір Ганчарык:

(Ганчарык: ) “Права маюць і Ганчарык, і Ярашук, і іншыя. На пэўным этапе павінна быць кансалідацыя і ня толькі гэтых сілаў і сродкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Вы робіцеся канкурэнтамі ў палітычным працэсе”.

(Ганчарык: ) “Пакуль не. Ён быў у мяне. Мы абмеркавалі гэтае пытаньне. Пазіцыі ў нас супадаюць. І ўсё вырашыць збор подпісаў і іншая праца”.

Перад удзельнікамі пленуму выступіў і Аляксандр Ярашук. Ягоная пазіцыя на гэты конт наступная:

(Ярашук: ) “Я лічу, што зараз не зусім карэктна разважаць, за каго болей прагаласуе. Гэта па-першае. А па другое, гэта якраз той выпадак, калі ўсіх нас у канчатковым выпадку аб’яднае наша мэта. Я са свайго боку буду рабіць усё, каб нідзе і ні пры якіх абставінах не падкрэсьліць, што я вяду асабістую лінію. У нас ёсьць абавязковая дамова з Уладзімерам Іванавічам, што ў нас ва ўсіх, у тым ліку ў нас дваіх, стратэгічная задача — зьмена ўлады. Зараз размова ідзе аб тактыцы”.

Як вынік, прафсаюзны пленум не наважыўся прымаць рашэньняў у пытаньні пэрсанальнай падтрымкі кагосьці з кандыдатаў.
XS
SM
MD
LG