Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТАЛЬЛЯ МАШЭРАВА БУДЗЕ ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Уладзімер Глод, Менск


Натальля Машэрава, дачка былога першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, сёньня перадала ў Цэнтарвыбаркам сьпісы 1282 асобаў, якія будуць дапамагаць ёй зьбіраць подпісы.

Узначальвае групу Машэравай былы супрацоўнік цэнтральнага апарату Міністэрства ўнутраных справаў Андрэй Хмяльніцкі. Разам зь імі дакумэнты ў ЦВК перадаваў і адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Машэравай, ейны калега па "палаце прадстаўнікоў" Юры Марозаў.

З адказаў на шматлікія пытаньні журналістаў найбольшую цікавасьць выклікалі тыя, што тычыліся прычынаў, якія абумовілі жаданьне Машэравай балятавацца на прэзыдэнта. Шмат пыталіся пра ейныя дачыненьні з Крамлём. Свой крок Натальля Машэрава патлумачыла тым, што ў новым тысячагодзьдзі Беларусь павінна пачаць новы шлях да лепшага жыцьця.

Машэрава таксама падкрэсьліла, што ў яе склаліся добрыя адносіны з расейскімі палітыкамі. Многія зь іх, адзначыла Машэрава, падчас ейных нядаўніх паездак у Маскву жадалі ёй посьпеху і нават дабраславілі на гэты шлях.

Праўда, Машэрава лічыць, што ня трэба перабольшваць гэты фактар. Беларусь, паводле ейных словаў, самадастатковая рэспубліка, і яна можа прапаноўваць Крамлю і сваіх палітыкаў, і сваю палітыку.

Натальля Машэрава гэтак ахарактарызавала сваё сёньняшняе рашэньне:

(Машэрава: ) "Дзень гэты для мяне — сьвята. Вельмі вялікае сьвята, і вельмі вялікая адказнасьць, бо ад палітыкаў залежыць лёс кожнага чалавека, лёс краіны".

Паводле Юр'я Марозава, найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі днямі нечакана прапанавала Натальлі Машэравай пасаду віцэ-прэм'ера, куратара сацыяльных праблемаў — пры ўмове, што яна ня будзе ўдзельнічаць у выбарчай гонцы. Але Натальля Машэрава адмовілася.
XS
SM
MD
LG