Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ВЫСНОВЫ МОЖНА ЗРАБІЦЬ ПАСЬЛЯ РЭГІСТРАЦЫІ ГРУПАЎ ПАДТРЫМКІ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗЫДЭНТЫ?


Валер Карбалевіч, Менск


Рэгістрацыя кандыдатаў сьведчыць аб зьяўленьні нейкіх нечаканасьцяў, сюрпрызаў. Па-першае, падала заяўку на рэгістрацыю Натальля Машэрава. Тое, аб чым гаварылі так доўга, адбылося. Гэта значна ўскладняе карціну, увесь расклад перадвыбарчай барацьбы. Па-другое, зарэгістравалі ініцыятыўную групу Пазьняка, што вельмі нечакана і вельмі цікава. І трэцяя нечаканасьць, гэта зьяўленьне Міхаіла Марыніча, а таксама кіраўніка аб’яднаньня “Атлант” Калугіна.

І вось мы бачым, што зараз на палітычнай арэне прадстаўлены ўвесь палітычны спэктар. Правы фланг прадстаўлены Пазьняком. Уступленьне яго ў барацьбу ссоўвае ў цэнтар групы Домаша, Казлоўскага, Ганчарыка, Чыгіра. А ўступленьне ў барацьбу Марыніча, Машэравай, Сініцына, Калугіна стварае нейкую роспач у стане намэнклятуры – можна нават казаць, што ёсьць нейкія прыкметы расколу намэнклятуры, што частка яе выходзіць з-пад кантролю, і гэта можа стварыць умовы для пераадоленьня той атмасфэры страху, якая зараз існуе ў грамадзтве. Ну і на левым флангу будуць змагацца і Калякін, і, часткова, Машэрава – яны будуць гуляць на электаральным полі самога Лукашэнкі. Можна сказаць, што ўлады ўзялі на ўзбраеньне тактыку рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў, усіх ініцыятыўных групаў.

Навошта гэта робіць улада? На мой погляд, тут існуюць тры прычыны. Першая – зарэгістраваць усіх і паглядзець на поўны расклад сілаў, на карціну ў цэлым, а потым ужо прымаць нейкія рашэньні. Другая – улада зацікаўленая ў тым, каб кандыдатаў было як мага больш. Гэта распыляе, раздрабляе ўвагу электарата, і ў вачах насельніцтва, калі ёсьць адзін добра вядомы кандыдат, а ўсе астатнія – малавядомыя, то зразумела, што перавагу атрымлівае гэты вядомы. І нават каманды, у якіх ёсьць вялікія рэсурсы, у сытуацыі мноства кандыдатаў цяжка дасягнуць пазнавальнасьці свайго кандыдата. Трэцяя прычына – чым больш кандыдатаў, тым лягчэй маніпуляваць падчас рэгістрацыі кандыдатаў пасьля збору подпісаў. Зразумела, што зьбяруць 100 тысяч подпісаў ня ўсе ініцыятыўныя групы. Многія зь іх ня будуць зарэгістраваныя на законнай падставе. А разам зь імі можна не зарэгістраваць моцных кандыдатаў, небясьпечных, хоць іх каманды і сабралі подпісы. На агульным фоне незарэгістраваных кандыдатаў гэта будзе выглядаць ня так нахабна і ня выклікае такога выбуху пратэстаў, як бы гэта магло адбыцца ў іншай сытуацыі.

Але ў такой тактыцы ўлады ёсьць для яе і мінусы. Усе кандыдаты так ці іначай павінныя крытыкаваць Лукашэнку, а гэта значыць, што антылукашэнкаўскі фронт пашыраецца, ахоплівае вялікую частку насельніцтва.
XS
SM
MD
LG