Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ГАТОВАЯ ДА ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ "ПЯЦЁРКА" ПАТЭНЦЫЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА?


Віталь Цыганкоў, Менск

Пасьля прызначэньня "палатай прадстаўнікоў" даты прэзыдэнцкіх выбараў прэзыдэнцкая кампанія пачалася ня толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ. Да 15 чэрвеня прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы павінны падаць у ЦВК заявы аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў. Але наколькі яны гатовыя да гэтага? Вось што на гэтае пытаньне адказвае Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Мы гатовыя да гэтай працы, каманда ёсьць, усё падрыхтавана. Што тычыцца ініцыятыўнай групы, то мы баімся "засланых казачкоў". Але яна ня будзе такой вялікай, якой была на альтэрнатыўных выбарах 1999 году, калі ў нас працавала 3 тысячы чалавек".

(Карэспандэнт: ) "Колькі чалавек будзе працаваць у гэтай групе?"

(Чыгір: ) "На сёньняшні дзень у нас гатовая тысяча. Значных зьменаў у складзе групы ўжо, відаць, ня будзе. Шмат людзей, якія працавалі тады, у 1999-м, будуць працаваць і зараз. Яны ўжо ведаюць, як і што рабіць, таму, думаю, праблемаў са зборам подпісаў ня ўзьнікне.

Іншая справа, што ў момант праверкі ўлада праверыць усе 100% подпісаў і пачне шукаць нейкія зачэпкі. Вядома ж, мы разумеем, што ўлада можа кагосьці "падключыць" у нашую ініцыятыўную групу. Зьбярэ чалавек 500 подпісаў, а там ужо будуць чакаць гэтыя лісты. Гэта магчыма, і мы будзе браць усе захады, каб гэтак не атрымалася".

Дадамо, што ў 1999 годзе падчас альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, ва ўмовах напаўпадпольнай кампаніі, ініцыятыўная група Чыгіра сабрала звыш 150 тысячаў подпісаў.

Іншы патэнцыйны кандыдат Павал Казлоўскі пакуль не гаворыць, колькі людзей уваходзіць у ягоную ініцыятыўную групу, але ўпэўнены, што яму ўдасца зарэгістраваць такую групу.

(Казлоўскі: ) "Бліжэйшыя пляны — скласьці сьпісы ініцыятыўных групаў у рэгіёнах і прадаставіць іх у Цэнтарвыбаркам. Людзі даюць згоду, і ў свой час мы гэтыя сьпісы падрыхтуем. Будзем працаваць энэргічна, калі трэба — і дзень і ноч, але ў тэрмін прадаставім такія сьпісы".

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат зь "пяцёркі", лідэр ПКБ Сяргей Калякін знаходзіцца ў сытуацыі больш зразумелай — за яго зьбіраць подпісы будуць актывісты партыі. Калякін лічыць, што прызначаная дата выбараў утварае дадатковыя складанасьці альтэрнатыўным кандыдатам.

(Kалякін: ) "Дата 9 верасьня выбраная невыпадкова. Тэхнолягі ўлады працавалі, і яны мяркуюць, што гэтая дата самым лепшым чынам забясьпечвае магчымасьці ўлады і абмяжоўвае магчымасьці альтэрнатыўнага кандыдата.

Уся падрыхтоўчая праца і збор подпісаў, агітацыя прыходзіцца на пэрыяд, калі студэнтаў ня будзе ў гарадах. Наступны этап — вялікая колькасьць гараджан знаходзіцца на дачных участках, у адпачынках".

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык заяўляе, што ягоная ініцыятыўная групы будзе ў дзясяткі разоў большая за той мінімум, які патрэбны для рэгістрацыі.

(Карэспандэнт: ) "Але большасьць зь іх, відаць, актывісты Фэдэрацыі?"

(Ганчарык: ) "Не. Яны, вядома, сябры прафсаюзу, але я не магу сказаць, што яны ўсе актывісты… Гэта актыўныя грамадзяне, скажам так. Не хачу, каб мяне абвінавачвалі ў тым, што я выкарыстоўваю структуры Фэдэрацыі — гэтага няма. Ёсьць людзі, якія працуюць у імя галоўнай задачы.

Самае складанае будзе на другім этапе — падчас і пасьля збору подпісаў. Зразумела, што ня ўсё кандыдаты пройдуць гэтае сіта ды ня ўсе зьбяруць патрэбныя 100 тысячаў".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць сэнс імкнуцца сабраць як мага больш подпісаў? Асабліва калі браць да ўвагі тое, што адзіны кандыдат яшчэ ня вызначаны?"

(Гнчарык: ) "Так і будзе. Кожны імкнецца сабраць больш. Але трэба разумець, што чым больш подпісаў, тым больш будзе памылак. Тут трэба меру ведаць".

На жаль, нам не ўдалося знайсьці яшчэ аднаго прадстаўніка "пяцёркі" — Сямёна Домаша, які сёньня праводзіў сустрэчу з выбарнікамі ў рэгіёнах.

Калі падсумоўваць вынікі нашага апытаньня, то можна дадаць, што большасьць патэнцыйных кандыдатаў лічыць, што самым складаным момантам прэзыдэнцкай кампаніі будзе рэгістрацыя кандыдатаў пасьля збору подпісаў. На першым этапе — стварэньня ініцыятыўнай групы — кандыдаты не чакаюць вялікіх праблемаў.
XS
SM
MD
LG