Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРДС РАЗГЛЕДЗЕЛА ГРАФІК ВЫЛУЧЭНЬНЯ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Ганна Соусь, Менск


Як адзначыў для нашага радыё лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які старшыняваў на паседжаньні, сёньня абмяркоўвалі ня столькі мэханізм, колькі каляндар прыняцьця рашэньня пра адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі.

Паводле спадара Вячоркі, прадстаўнікі БНФ мяркуюць, што гэта павінна адбыцца ў часе Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але пытаньне пра тое, калі ён адбудзецца, пакуль яшчэ абмяркоўваецца. Паводле вынікаў сёньняшняга паседжаньня КРДС, былі прынятыя дзьве заявы.

(Вячорка: ) "Адна заява — выказваньне Генадзя Селязьнёва ды іншых думскіх лідэраў на нядаўняй сустрэчы ў Горадні. Мы падкрэсьлілі, што ўсе саюзныя пагадненьні апошняга часу былі падпісаныя альбо ратыфікаваныя нелегітымнымі альбо міжнародна непрызнанымі органамі зь беларускага боку.

І толькі свабодная воля беларускага народу, толькі сапраўды дэмакратычныя інстытуты дзяржаўнай улады й кіраваньня могуць прыняць рашэньні аб лёсе беларускай дзяржавы".

А другая заява, як патлумачыў Радыё Свабода Вінцук Вячорка, зьвязаная зь нядаўнім выбухам ў расейскай амбасадзе ў Менску.

(Вячорка: ) "Мы лічым, што гэта інцыдэнт, які шмат чым нагадвае ведамы лёзьненскі мэрсэдэсаўскі самастрэл. Гэтаксама, як і тады, так і цяпер Лукашэнка знаходзіцца ў стане перадвыбарчай кампаніі. І відавочна, гэтая правакацыя як нельга лепш патрэбная сёньняшняму рэжыму”.

Ці абмяркоўвалася на КРДС пытаньне пра нядаўнія заявы Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады аб падтрымцы Зянона Пазьняка ды выхадзе партыі з КРДС? Лідэр гэтай партыі Станіслаў Шушкевіч адказаў, што не абмяркоўвалася.

Да таго ж Станіслаў Шушкевіч зазначыў, што пакуль ня мае ніякай інфармацыі пра гэтыя рашэньні ягонай партыі, бо толькі вярнуўся са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Вынікі ж сёньняшняга паседжаньня спадар Шушкевіч ацэньвае станоўча.

(Шушкевіч: ) "Сёньня была добрая канструктыўная рада. Як ніколі… Сёньня мы не маглі прыняць рашэньняў, таму што сёньня звужанае кола, не былі прадстаўнікі рэгіёнаў. Але мы падрыхтавалі шэраг праектаў для таго, каб яны былі прынятыя разам з прадстаўнікамі рэгіёнаў.

Акрамя таго, у нас былі вельмі выніковыя кансультацыі з другімі аб’яднаньнямі. У прыватнасьці, з групай "Новая Беларусь" мы працягнем гэтыя кансультацыі".

Чарговае паседжаньне Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў супала зь яшчэ адной перадвыбарчай падзеяй. З гэтай нагоды я зьвярнулася па камэнтар да старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі.

(Карэспандэнтка: ) "Ці абмяркоўвалася сёньняшнее самавылучэньне Сяргея Антончыка?"

(Вячорка: ) "Не, Каардынацыйная рада канцэнтруецца на сытуацыі з чатырма прэтэндэнтамі, якіх падтрымліваюць суб’екты КРДС, бо толькі хтосьці зь іх можа быць названы адзіным дэмакратычным кандыдатам".
XS
SM
MD
LG