Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ”, ВЕРАГОДНА, РАЗГЛЕДЗІЦЬ ДАТУ ВЫБАРАЎ 7 ЧЭРВЕНЯ


Валер Каліноўскі, Менск


Савет "палаты прадстаўнікоў" сёньня разгледзеў тры праекты пастановы аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў: афіцыйны, распрацаваны дэпутацкай рабочай групай, а таксама праекты Вольгі Абрамавай і Івана Пашкевіча. Прынялі рашэньне ўсе тры праекты выставіць на разгляд сэсіі, але падтрымка выказаная толькі афіцыйнаму.

Праект ад рабочай групы, які падтрымаў савет "палаты", вельмі фармальны: прызначыць дату выбараў, даць даручэньні розным дзяржаўным структурам, абавязаць дэпутатаў "палаты" кантраляваць выкананьне гэтай пастановы.

Праект Вольгі Абрамавай мае іншую канцэпцыю правядзеньня выбараў — яна лічыць патрэбным, каб выбары прайшлі больш адкрыта, каб кандыдаты мелі роўныя ўмовы і каб Аляксандар Лукашэнка пайшоў у адпачынак на час выбарчае кампаніі.

Найважнейшая з прапановаў Пашкевіча — пра ўключэньне ў Цэнтарвыбаркам прадстаўнікоў зарэгістарваных кандыдатаў на прэзыдэнта і пра сяброўства ў іншых выбарчых камісіях вылучэнцаў палітычных партыяў.

Іван Пашкевіч таксама не дачакаўся пазытыўнага водгуку на свае прапановы, юрыдычнае ўпраўленьне палічыла, што ягоны праект не адпавядае заканадаўству. Спадар Пашкевіч вырашыў не настойваць на сваіх прапановах на паседжаньні савету "палаты", а вынесьці іх ужо непасрэдна на сэсію як свае папараўкі. Чакаецца, што пасьля ўключэньня гэтага пытаньня ў парадак дня сэсіі яго разгледзяць толькі 7 чэрвеня.

Улічваючы тое, што прапанаваная дата выбараў прэзыдэнта — 9 верасьня, стала відавочна, што з прызначэньнем выбараў у "палаце" цягнуць да апошняга магчымага тэрміну. Чаму? На гэтае пытаньне адказвае незалежны палітоляг Анатоль Гурыновіч:

(Гурыновіч: ) "Усё, што робіцца, зьвязана з выбарамі, скіравана на тое, каб максымальна абцяжарыць іншым кандыдатам правядзеньне гэтай кампаніі. Не сакрэт, што калі вядомая дата, мабілізацыя наступае даволі апэратыўна, але калі дату трымаюць у сакрэце, не прызначаюць, гэта значыць, што пэўная група людзей ведае, чаго яна хоча й дамагаецца. Менавіта дзеля таго, каб абцяжарыць фармаваньне ініцыятыўных групаў, групаў па зборы подпісаў усё гэта й робіцца".

(Карэспандэнт: ) "Як на вашую думку — ці будуць у выбарчых камісіях прадстаўнікі апазыцыі?"

(Гурыновіч: ) "Ведаючы сытуацыю з гэтымі камісіямі, магу сказаць, што гэта малаверагодна, таму што досьвед Сэрбіі вывучае ня толькі апазыцыя, але і каманда Лукашэнкі".

Анатоль Гурыновіч мяркуе, што толькі максымальная яўка выбарнікаў дае апазыцыі шанцы на перамогу, нягледзячы на непазьбежнасць фальсыфікацыяў.
XS
SM
MD
LG