Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СТАІЦЬ МАСКВА ЗА СТВАРЭНЬНЕМ РУХУ “ЗА НОВУЮ БЕЛАРУСЬ”?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Алег Грузьдзіловіч.

(Цыганкоў: ) "У панядзелак у Беларусі было абвешчана пра стварэньне грамадзкага руху "За новую Беларусь". Рух маецца падтрымліваць 5 патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.

Рух узначаліў экс-міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў. Ён заявіў, што новы рух павінен скаардынаваць дзеяньні пяці камандаў кандыдатаў. Новы рух павінен стаць выканаўчай структурай пяці патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, ён створаны для каардынацыі дзейнасьці іхных камандаў.

Абмяркоўваючы значэньне стварэньня гэтага руху, мы паспрабуем высьвятліць, ці дапаможа гэта вызначэньню агульнага кандыдата і ўвогуле стратэгіі перамогі альтэрнатыўнага прэтэндэнта. Першае ж пытаньне, якое адразу ўзьнікае — наколькі новы рух можа суадносіцца з КРДС.

Раней быў адзіны цэнтар дэмакратычных сілаў — Каардынацыйная рада, ейныя лідэры заўсёды падкрэсьлівалі, што ёсьць толькі адзін цэнтар. Цяпер зьяўляецца новы рух — выходзіць, што ўжо нібыта два цэнтры. Наколькі рух Лявонава прэтэндуе на тое, каб заняць такую нішу?"

(Дракахруст: ) "Мне падаецца, што хаця такая прэтэнзія не сфармуляваная, яна ёсьць. Адна з мэтаў стварэньня руху — пашырэньне кола палітычнай падтрымкі пяці кандыдатаў.

З сацыялягічных дасьледаваньняў вядома, што вельмі шчыльная зьвязка кандыдатаў з апазыцыйнымі рухамі ім не на карысьць у вачох грамадзтва. Грамадзтва больш схільнае падтрымліваць кандыдата, які аддалены ад вызначаных палітычных груповак.

Стварэньне гэтага руху — спроба стварыць менш палітызаваную падтрымку гэтых кандыдатаў. Варта сказаць, што сярод арганізатараў руху такія розныя людзі як пісьменьнік Ніл Гілевіч і былы намесьнік старшыні КГБ Валеры Кез.

Вельмі цікава, што ў гэтым сьпісе зьяўвіўся Анатоль Лашкевіч — адзін з колішніх лідэраў Партыі камуністаў Беларусі, які зараз узначальвае расейскі завод тэлевізараў "Рубін".

Фармальна гэты рух ствараецца не насуперак КРДС, але, здаецца, што ягоныя мэты крыху розьняцца. КРДС вельмі жорстка робіць стаўку на найхутчэйшае вылучэньне адзінага кандыдата. А гэты рух такой мэты, гледзячы па ўсім, ня ставіць — пакуль ён вызначаны падтрымліваць усю "пяцёрку".

(Грузьдзіловіч: ) "Я думаю, галоўная мэта гэтага руху — прымусіць Лукашэнку гуляць паводле нейкіх іншых правілаў — ня тых, якія ён сам вызначыў.

Сапраўды, "нэўтральны" кандыдат мае большыя шанцы на посьпех, і ўсе імкнуцца такім кандыдатам зрабіцца. Але Лукашэнка вельмі зацікаўлены ў тым, каб быў жорсткі падзел паміж ім і КРДС. І вось гэты рух мае на мэце прымусіць Лукашэнку гуляць на іншым полі, ставіцца да выбараў інакш.

Мяне цікавіць, ці гэты рух мае тыя самыя карані, што й ініцыятыва Сініцына і Пашкевіча. Мне здаецца, гэта ў прынцыпе адно і тое ж — усе яны гуляюць паводле правілаў нейкага апэратара, які зьбіраецца весьці рэй на нашых выбарах".

(Цыганкоў: ) "Хто гэты апэратар? Хто гэты, скажам так, лялькавод?"

(Грузьдзіловіч: ) "Мне пакуль гэта невядома, але я бачу ўсе прыкметы таго, што апэратар знаходзіцца ў Маскве. Верагодна, гэта даволі набліжаная да адміністрацыі Пуціна фігура, якая даўно імкнецца перахапіць ініцыятыву на беларускім палітычным рынку і навязаць свае правілы гульні".

(Цыганкоў: ) "Як ствараецца новая структура, заўсёды многа значыць асоба лідэра. Гэты рух узначаліў Васіль Лявонаў, былы міністар сельскай гаспадаркі, чалавек, які адседзеў у турме. Што значыць асоба Лявонава як лідэра гэтага руху?"

(Грузьдзіловіч: ) "Гэта вельмі паказальна, што Лявонаў стаў кіраўніком руху. Мы ўсе памятаем, які ён быў расчараваны, разгублены, спустошаны чалавек, калі выйшаў з турмы. Ён заяўляў, што ня будзе займацца палітыкай — прынамсі, тады ён ня бачыў сябе ў палітыцы.

Нешта адбылося такое, што кардынальна зьмяніла ягоную пазыцыю. Я вымушаны заўважыць, што якраз у гэты час ён двойчы езьдзіў у Маскву. Спачатку лячыўся. Потым нібыта хаваўся ад нейкіх пагрозаў — і адтуль ён вярнуўся зусім іншы чалавек, пачаў уваходзіць у палітыку. Але сам ён пакуль не палітык, простыя людзі як палітыка яго ня ведаюць. Магчыма, гэты рух — яшчэ й пляцоўка для "раскруткі" Лявонава як палітыка".

(Цыганкоў: ) "Чарговая дэманстрацыя еднасьці — гэта важна для будучага адзінага кандыдата. Падтрымліваючы вэрсію Алега Грузьдзіловіча пра маскоўскія карані новага руху, я хачу сказаць іншае — пра намэнклятурныя карані руху. Гэта чарговы "народны рух", які ствараецца зьверху.

Зараз сапраўды ідзе змаганьне за нішу "незалежнага кандыдата" між Лукашэнкам і альтэрнатыўным прэтэндэнтам. І мне здаецца, што Лукашэнка пачне выкарыстоўваць стварэньне гэтага руху як доказ таго, што ўсе "былыя", уся намэнклятура аб'ядналіся супраць яго. Маўляў, там, на баку апазыцыі, намэнклятура яшчэ кебічаўская, там усе генэралы, сакратары і пісьменьнікі, а ён адзін незалежны кандыдат разам народам — на іншым баку.

Да таго ж электарату ня вельмі важна, якія знакамітыя людзі, колькі выступаюць за таго ці іншага кандыдата. Увесь гэты набор прозьвішчаў мала што дасьць звычайнаму выбарніку. На выбарах 1994 году за Кебіча выступалі і народныя артысты, і 6-разовыя алімпійскія чэмпіёны, але ён атрымаў толькі 17 адсоткаў.

Мэтад падбору як мага больш гучных імёнаў важны для маленькай колькасьці людзей. Асноўнаму электарату важна, што гэтыя людзі могуць прапанаваць, што новага і кардынальна іншага прынясе такая ўлада".

(Дракахруст: ) "Віталь, я згодны, што намэнклятурнае адценьне гэтага ўтварэньня безумоўна адчуваецца — і будзе выкарыстанае ўладай. Я таксама згодны, што народу ня вельмі важна, колькі былых чыноўнікаў выступае за таго ці іншага кандыдата.

Але пра беларускія выбары існуе й такое меркаваньне: іх выйграе ня той, хто выйграе, а тое, хто будзе падлічваць галасы. А падлічвае галасы цяперашняя намэнклятура. І калі для народу меркаваньне гэтых людзей ня мае ніякага значэньня, то для тых, хто будзе падлічваць галасы, гэта мае пэўнае значэньне. Магчыма, чым большая будзе гэта група, чым больш відавочныя будуць ейныя расейскія карані,чым больш яна знойдзе сувязяў з групай Сініцына-Пашкевіча, тым больш яны паўплываюць на падлік галасоў. Бо гэты падлік можа павярнуццаа ў розныя бакі".

(Грузьдзіловіч: ) "Відавочна, што нейкім сілам у Маскве, якія зьбіраюцца супрацьстаяць Лукашэнку і зьбіраюцца прывесьці да ўлады іншага кандыдата, неабходна на кагосьці абаперціся. Ім вельмі цяжка будзе абапірацца на КРДС, на незалежнага кандыдата, вылучанага ў Беларусі бязь іхнага ўдзелу.

А вось на нейкую сілу, што можа супрацьстаяць і тым, і другім, яны хацелі б абаперціся. Магчыма, гэты рух ініцыюецца з такой мэтай. Але я мяркую, што ўдзельнікі руху і ягоны кіраўнік Васіль Лявонаў шчыра стаяць за тое, каб прывесьці новага прэзыдэнта і дабіцца незалежнага дэмакратычнага разьвіцьця краіны".

(Цыганкоў: ) "КРДС, прынамсі, да апошняга часу была схільная вылучаць на адзінага кандыдата Сямёна Домаша. Але гэты рух, выглядае, больш схільны выстаўляць іншую асобу. Як можа разьвязацца гэты патэнцыйны канфлікт? Ці новы рух "паглыне" КРДС і два цэнтры пагодзяцца на аднаго кандыдата? Ці ў нас зьявяцца два "адзіных кандыдата"?"

(Дракахруст: ) "Я мяркую, што само зьяўленьне гэтага руху адцягне вырашэньне праблемы адзінага кандыдата. Бо КРДС добра разумее, што ў гэтых варунках, калі яны вылучаць Домаша, то ён ня будзе адзіны кандыдат. І яны будуць вымушаныя ўступаць у перамовы ня столькі з кандыдатамі, колькі зь людзьмі, што прадстаўляюць гэты рух.

Магчыма, проста ў гэтым рашэньні будзе зробленая паўза да высьвятленьня таго, як будуць мяняцца рэйтынгі кандыдатаў, якую яны могуць здабыць падтрымку ня толькі ў Беларусі, але і ў Маскве.

Усе гавораць, што адзіны кандыдат мусіць быць абавязкова. Але шмат хто разумее (у тым ліку і КРДС), што ёсьць рызыка памылкі. Праблема ня толькі ў тым, каб прызначыць "найлепшага" — а каб гэтая асоба здолела аб'яднаць, "пагадзіць" вакол сябе палітычныя і народныя колы".

(Грузьдзіловіч: ) "Хутчэй за ўсё, зьяўленьне гэтага руху падвышае шанцы чалавека, далёкага ад палітычных партыяў.

Заўважым, што сход руху прайшоў на базе Фэдэрацыі прафсаюзаў. Адразу ўзьнікае пытаньне — а ці не Ганчарык за гэтым стаіць, ці ня ён найбольш зацікаўлены ў такім разьвіцьці падзеяў.

У кожным выпадку, лёс адзінага кандыдата будзе вырашацца недзе летам, але ня зараз, у гэтыя дні, як раней плянавала КРДС".
XS
SM
MD
LG