Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТВОРАНЫ РУХ ЗА АБРАНЬНЕ НОВАГА ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшні ўстаноўчы сход праходзіў у будынку Фэдэрацыі прафсаюзаў. Ініцыявалі стварэньне народнага руху больш за 100 грамадзянаў Беларусі. Сярод тых, хто падпісаў амысловы зварот — Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Мечыслаў Грыб, Станіслаў Багданкевіч, а таксама былы намесьнік старшыні КГБ Беларусі Валеры Кез, дырэктар маскоўскага заводу "Рубін" Анатоль Лашкевіч ды шмат іншых людзей.

Гаворыць старшыня аргкамітэту руху, былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў:

(Лявонаў: ) "Мы, ініцыятыўная група грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, прынялі рашэньне зьвярнуцца да беларускага народу з заклікам стварыць шырокі агульнанародны рух за абраньне новага прэзыдэнта як умовы для далейшага разьвіцьця Беларусі.

Мы будзем падтрымліваць тых кандыдатаў, якія здольныя забясьпечыць рашэньне надзённых пытаньняў, што стаяць перад нашай дзяржавай, а дзе трэба — ахвяраваць і асабістымі амбіцыямі на карысьць нашай краіны".

Васіль Лявонаў падкрэсьліў, што новы рух не накіраваны на канфрантацыю зь іншымі палітычнымі партыямі й грамадзкімі арганізацыямі, а сябры руху пасьля перамогі на выбарах дэмакратычнага кандыдата ня будуць прэтэндаваць ні на якія пасады ў будучай адміністрацыі і ўрадзе.

Спадар Лявонаў таксама сказаў, што напярэдадні сходу ўлады рабілі ўсё, каб не дапусьціць яго. Так, у суботу ўвечары ў пад'езьдзе ўласнага дому невядомыя зьбілі й абрабавалі сакратара аргкамітэту руху Івана Анташкевіча. Акрамя каштоўных рэчаў, злачынцы забралі ў спадара Анташкевіча лісты з подпісамі падтрымкі звароту. Аднак фактычна ўсе дакумэнты аргкамітэту ўдалося аднавіць.

На сёньняшнім сходзе былі ўсе пяцёра патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта — спадары Чыгір, Домаш, Казлоўскі, Ганчарык і Калякін. Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Гэта падтрымка нашай ініцыятывы, той заявы, што мы надрукавалі ў СМІ аб каардынацыі сваіх дзеяньняў. Гэты рух, які зараз тут створаны, — гэта падтрымка нашай заявы. Я да гэтага стаўлюся станоўча і дзякую гэтым людзям за тое, што яны пайшлі на гэты мужны ўчынак, падпісалі гэтую заяву".

А вось меркаваньне Ўладзімера Ганчарыка:

(Ганчарык: ) "Ацэньваю станоўча гэтую народную ініцыятыву. Галоўнае, каб яна кансалідавала ўсе сілы, якія выступаюць за перамогу на выбарах".

Павал Казлоўскі й Міхаіл Чыгір падзяляюць думкі сваіх калегаў па "пяцёрцы". Гаворыць Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Гэта якраз тое, што трэба. У нашым грамадзтве павінен быць шырокі грамадзкі рух, дзе будзе месца й простым нашым грамадзянам, і грамадзкім аб’яднаньням, і партыям беларускім. Калі вось гэты рух набярэ такую добрую сілу, я ўпэўнены — перамога будзе".

А вось думка Міхаіла Чыгіра:

(Чыгір: ) "Вы бачыце, колькі людзей прынялі ўдзел. Па-першае, людзей вядомых у нашай краіне, і па-другое, людзей незаангажаваных палітыкай. Таму я думаю, што гэта новы накірунак нашай працы, і я думаю, што ён дасьць станоўчыя вынікі".

Дарэчы, на сходзе не прысутнічалі многія лідэры партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў. Аднак сябры "пяцёркі" й Васіль Лявонаў лічаць, што канфрантацыі й непаразуменьняў з прадстаўнікамі БНФ, АГП ды іншых арганізацыяў у іх быць не павінна й ня будзе.

На сходзе быў абраны выканкам руху, у які увайшлі Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Іосіф Сярэдзіч, Людміла Карпенка ды іншыя вядомыя асобы. На старшыню выканкаму абралі Васіля Лявонава.

Афіцыйную назву новай арганізацыі павінна зацьвердзіць рабочая група выканкаму руху.
XS
SM
MD
LG