Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА ПЛЯНУЕ ВЫЗНАЧЫЦЦА З АДЗІНЫМ КАНДЫДАТАМ ПРАЗ ТЫДЗЕНЬ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшняе паседжаньне Каардынацыйнай рады праводзілася пасьля месячнага перапынку, выкліканага правядзеньнем кансультацыяў паміж прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта.

Сябры КРДС абмяркоўвалі сёньня пытаньні пра статус і паўнамоцтвы "Ўсебеларускага сходу", казалі пра антыдэмакратычныя дэкрэты Аляксандра Лукашэнкі, пра падрыхтоўку да выбарчай кампаніі й пра сытуацыю з прэтэндэнтамі на ўдзел у выбарах. Апошняе пытаньне было для ўдзельнікаў паседжаньня найбольш важнае. Гаворыць старшыня БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Мы абмеркавалі становішча, якое ўзьнікла пасьля падпісаньня ведамага пагадненьня пяцёх. Было падкрэсьлена, што пагадненьне гэта ня ёсьць кааліцыяй, што ўсё адно ўсім дэмакратычным прэтэндэнтам (а нагадаю, што вылучэнцаў ад Каардынацыйнай рады ёсьць чацьвёра) давядзецца абапірацца на структуры Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў.

Да наступнага паседжаньня, якое павінна адбыцца праз тыдзень, усе суб'екты КРДС пастараюцца вызначыцца з падтрымкай таго ці іншага прэтэндэнта".

Прадстаўнікі многіх партыяў і арганізацыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду, заявілі сёньня, што будуць зьбіраць подпісы толькі за аднаго кандыдата, а не за некалькіх. Гэтак сябры КРДС хочуць падштурхнуць прэтэндэнтаў да таго, каб яны хутчэй вызначыліся паміж сабой, хто ж зь іх будзе адзіным кандыдатам.

Прадстаўнікі Рады не баяцца, што пасьля таго, як яны афіцыйна назавуць сваіх кандыдатаў, у КРДС адбудзецца раскол. Вінцук Вячорка працягвае:

(Вячорка: ) "Зусім лягічна для адзіна рэальна існуючай дэмакратычнай кааліцыі складацца з суб'ектаў, у якіх ёсьць пэўная вызначанасьць менавіта цяпер, таму што ў сытуацыі нявызначанасьці структуры проста зьняверваюцца, расколваюцца. І такім чынам, структуры, якія ёсьць у рэгіёнах, акажуцца проста ні да чога. Ніхто імі ў выніку ня здолее скарыстацца".

Каардынацыйная рада таксама прыняла ўхвалу, у якой адзначаецца, што "Ўсебеларускі сход", што мае адбыцца 18 траўня, склікаецца дзеля падмацаваньня лініі ўладаў, скіраванай на зьнішчэньне незалежнасьці Беларусі, ды служыць стартам перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле ўхвалы Рады, усе рашэньні "Ўсебеларускага сходу" ня будуць мець праўнай сілы, бо сход ня ёсьць канстытуцыйным органам.

Сябры Каардынацыйнай рады запатрабавалі неадкладнай адмены дэкрэту №11, які значна абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзянаў на мітынгі й сходы, а таксама прапанавалі Аляксандру Лукашэнку прынесьці прабачэньні людзям за адключэньне ў Беларусі 8 і 9 траўня расейскіх тэлеканалаў.

Сябры КРДС таксама абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай сеткі назіраньня за выбарамі ды вылучэнцаў апазыцыі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.
XS
SM
MD
LG