Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ЧЫГІР: СПАДЗЯЕМСЯ НА КАНКРЭТНУЮ ДАПАМОГУ РАСЕЙСКІХ ДЭМАКРАТАЎ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Кансультацыйныя сустрэчы дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі з прадстаўнікамі шэрагу палітычных партыяў Расеі, адзін з прэтэндэнтаў – Павал Казлоўскі назваў “пачаткам прарыву інфармацыйнай блякады”. Галоўным вынікам гэтай паездкі былы міністар абароны Беларусі лічыць магчымасьць растлумачыць сытуацыю ў краіне, даць не афіцыйную, а альтэрнатыўную інфармацыю. А як бачацца вынікі гэтай паездкі іншым прэтэндэнтам. З намі на сувязі ў Менску Міхаіл Чыгір.

(Сокалаў-Воюш:) “Спадар Чыгір, скажыце калі ласка, якія ў вас уражаньні ад сустрэчаў з расейскімі палітыкамі – прадстаўнікамі правых сілаў і “Яблыка”? Ці расейскія палітыкі толькі слухалі вас, ці яшчэ й двалі нейкія парады?”

(Чыгір: ) “Па-першае, яны паабяцалі нам падтрымку, і падтрымка тычыцца сродкаў масавай інфармацыі, таму што вядома, што мы маем поўную ізаляцыю дзяржаўных СМІ ў Беларусі, таму мы зьвярталіся з просьбай пра дапамогу сродкамі масавай інфармацыі, і яны нам гэта абяцалі.

Я павінен сказаць, што правыя сілы, напрыклад “Яблыка”, заўжды падтрымлівалі беларускіх дэмакратаў. Тое самае мы адчувалі і апошнім часам, у апошнюю паездку. Спадзяёмся, што будзем атрымліваць канкрэтную дапамогу, найперш у сродках масавай інфармацыі, дзякуючы правым і “Яблыку”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што вы можаце сказаць пра неафыіцыйную сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна? Зь якога боку зыходзіла ініцыятыва? Якую пазыцыю, на вашую думку, займае Крэмль у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі?”

(Чыгір: ) “У нас тут паўстала такое пытаньне: афіцыйныя колы Расеі атрымоўваюць аднабаковую інфармацыю аб сытуацыі ў Беларусі. Мы прапанавалі, каб ведаць што на самой справе адбываецца ў Беларусі, інфармацыя павінна быць разнастайная, а ня толькі ад міністэрства зьнешніх зносінаў, ці ад ураду і адміністрацыі прэзыдэнта. Каб інфармацыя была таксама зь незалежных крыніцаў. І мы пра гэта дамовіліся. Такя інфармацыя будзе паступаць. Яна і раней паступала, але абмежавана. Гэтая дамоўленасьць будзе, я думаю, выконвацца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але вернемся да пытаньня пра неафіцыйную сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі Пуціна. Што вы можаце пра яе сказаць?”

(Чыгір: ) “Я павінен сказаць, што цікавасьць да сытуацыі ёсьць, што нам паабяцалі нейкі крыху іншы падыход да Беларусі, што прадстаўнікі адміністрацыі будуць спрабаваць атрымліваць больш шырокую інфармацыю і інфармаваць пра тое, што адбываецца на самой справе, і ня толькі ўжываць афіцыйныя крыніцы зь беларускіх адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду. Спадзяёмся, што гэта будзе шырэйшая інфармацыя, якая пойдзе на карысьць дэмакратычным сілам Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Чыгір, а ці ўдалося з дапамогай круглага стала з расейскімі журналістамі ў Маскве, палепшыць сытуацыю ў пляне інфармаваньня расейскага грамадзтва пра падзеі ў Беларусі? Ці ўдалося прыцягнуць сапраўдную ўвагу да будучых выбараў?”

(Чыгір: ) “Я думаю, што гэтая наша паездка, актыўны ўдзел і сустрэча нашая з расейскімі журналістамі вядома ж дасьць новы інфармацыйны штуршок цікавасьці да сытуацыі ў Беларусі, да падрыхтоўкі да выбараў і сытуацыі, якая склалася напярэдадні выбараў. Я лічу, што гэтая інфармацыя будзе распаўсюджаная, і расейцы шырэй будуць ведаць, што на самой справе адбываецца ў Беларусі.

На жаль, гэта рэдкія паездкі, пакуль што, але мы спадзяёмся, што сувязі з расейскай дэмакратычнай прэсай будуць пашырацца, што яны часьцей будуць наведвацца ў Беларусь і высьвятляць сытуацыю. Можа тады больш актыўна будуць паводзіць сябе выданьні, якія маюць прадстаўнікоў у Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Скажыце, калі ласка, ці былі ў часе візыту якія-небудзь нечаканасьці, якія б вам найбольш запомніліся?”

(Чыгір: ) “Аляксандар Лукашэнка, пакуль мы знаходзіліся ў Маскве, у часе выступу ў Бараўлянах давёў да нашага насельніцтва, што апазыцыйная пяцёрка атрымала 800 мільёнаў даляраў на барацьбу зь ягоным урадам. Што тут можна сказаць? Мы ўжо як бы прызвычаіліся да гэтай хлусьні, якая вельмі часта ў нас гучыць. Нас гэта ня ўразіла. А калі стала вядома пра гэта расейскім журналістам, для тых, хто ня мае сталай інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі, гэта сталася вялікай навіной. Я спадзяюся, што пра гэта яны таксама паведамяць у сваіх сродках масавай інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG