Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСТАЯННАЯ РАДА АБСЭ КАЖА ПРА СУР’ЁЗНЫЯ РАЗЫХОДЖАНЬНІ МІЖ БЕЛАРУСЬЮ І БОЛЬШАСЬЦЮ КРАІНАЎ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск



На сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Ганс-Георг Вік падзяліўся некаторымі ўражаньнямі ад двух мерапрыемстваў, што прайшлі ў пятніцу ў Вене.

Там Пастаянная рада АБСЭ спачатку абмеркавала справаздачу Віка аб сытуацыі ў Беларусі, а потым у межах гэтай жа рады прайшлі неафіцыйныя кансультацыі ў справах Беларусі.

Пастаянная рада яшчэ раз падкрэсьліла, што КНГ АБСЭ ў Беларусі дзейнічае толькі ў межах Венскай канвэнцыі ды іншых дакумэнтаў, што вызначаюць правілы паводзінаў дыпляматычных місіяў за мяжой. Таму ўсе абвінавачаньні на ейны адрас (апошнім часам дзейнасьць групы крытыкавалі Аляксандар Лукашэнка і Міхаіл Хвастоў) прызналі беспадстаўнымі. Гэта й падкрэсьліў у сваім рэзюмэ кіраўнік Пастаяннай рады АБСЭ амбасадар Бота.

Спадар Бота таксама адзначыў, што паміж урадамі значнай большасьці краінаў-сяброў АБСЭ і ўладамі Беларусі існуюць сур'ёзныя разыходжаньні.

Цывілізаваныя краіны ніяк ня могуць зразумець пазыцыю беларускіх уладаў, якія заяўляюць, што група амбасадара Віка павінна даваць парады толькі ўрадаваму боку. Але ж мандат АБСЭ і дакумэнты Стамбульскага саміту прадугледжваюць дапамогу з боку місіі АБСЭ як уладам, так і апазыцыі.

Амбасадар Бота заклікаў як КНГ АБСЭ, так і беларускія ўлады быць больш адкрытымі і шукаць паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, кіраўніцтву Беларусі прапануецца зьмяніць у дэкрэце №8 рэгістрацыйны прынцып атрыманьня гуманітарнай дапамогі на паведамляльны.

Некаторыя з удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня палічылі, што АБСЭ, якая раней выступала за адмену дэкрэту №8 цалкам, зьмягчае свае падыходы да гэтай праблемы. Але іх супакоіў Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Што значыць адмяніць, зьмягчыць? Трэба, каб дэкрэт адпавядаў тым міжнародным абавязкам, нормам, якім павінны адпавядаць дакумэнты такого пляну. Беларусь падпісала шэраг абавязкаў, у тым ліку, дарэчы, аб адсутнасьці двайнога падаткаабкладаньня і жаданьня мець гуманітарную дапамогу і іншыя, іншыя.

І калі на гэта драконаўскія лапы накладаюцца, дык можна гаварыць — "адмяніць", а можна гаварыць, што трэба мець добры дакумэнт. Я тут нічога страшнага ня бачу. Але тое, што гэта абсалютна непрымальны для эўрапейскай супольнасьці дакумэнт, якога ня можа быць у больш-менш цывілізаванай дзяржаве, а толькі можа быць у прымітыўнай такой калгаснай дзяржаве 30-х гадоў, гэта мне зразумела".

Амбасадар Вік паведаміў таксама, што прыезд у Менск дзейнага старшыні АБСЭ Мірчы Джэану магчымы. Але пры ўмове абавязковай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. А ў ліпені Беларусь чарговы раз плянуе наведаць парлямэнцкая "тройка".

XS
SM
MD
LG